Паводле праваабаронцаў «Вясны», Андрэя Лабаду абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-2 КК), яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.
Андрэю Лабадзе 54 гады. Вядома, што ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) у 1993 годзе і з таго часу працаваў у банкаўскай сфэры.
Затрымалі Андрэя Лабаду ў красавіку 2024 года. Спачаткау ён адбыў на Акрэсьціна адміністрацыйны арышт за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў», потым стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу.
Памылкі ў правілах бясьпекі
Паводле спэцыялістаў у галіне лічібавай бясьпекі, Андрэя Лабаду вылічылі і затрымалі праз ягоныя памылкі ў гэтай галіне.
«Характэрна, што акаўнт Андрэя Лабады быў параўнальна добра абаронены — імя карыстальніка было выпадковым, тэлефон не „прабіваўся“ ботамі. Аднак ён пісаў у розных лякальных чатах даволі шмат падрабязнасьцяў пра сябе (адрас пражываньня свой і сваякоў, зьвесткі аб месцы працы) і скідаў фота. Да таго ж акаўнт быў створаны ажно ў 2017 годзе, калі існавала тэхнічная магчымасьць перабіраць акаўнты па нумарах», — адзначала «Наша ніва» ў паведамленьні аб затрыманьні топ-мэнэджара Банкаўскага працэсінгавага цэнтру Андрэя Лабады.
Банкаўскі працэсінгавы цэнтар — гэта адкрытае акцыянэрнае таварыства, якое забясьпечвае правядзеньне ў Беларусі безнаяўных плацяжоў уладальнікамі банкаўскіх картак Visa, MasterCard, «Белкарт», Union Pay, American Express і МІР. БПЦ абслугоўвае Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, а таксама 11 банкаў краіны.
Хто судзіць
Судзіць былога мэнэджара будзе судзьдзя Аляксандар Рудэнка, вядомы ўдзелам у шматлікіх працэсах над апазыцыянэрамі і пратэстоўцамі. У пачатку 2020 году, яшчэ працуючы ў Кастрычніцкім раённым судзе Менску, ён судзіў удзельнікаў вулічных акцый супраць інтэграцыі з Расеяй, у чэрвені таго ж году — удзельнікаў акцый салідарнасьці з затрыманымі кандыдатамі на прэзыдэнта, у ліпені браў удзел у судах над людзьмі, якія пратэставалі пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі на прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. 28 жніўня 2020 году Аляксандар Рудэнка судзіў журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, якую затрымалі на плошчы Свабоды, дзе зьбіраліся пратэстоўцы супраць фальшаваньня выбараў прэзыдэнта. Кацярыну Андрэеву вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. У выніку справу журналісткі судзьдзя Рудэнка адправіў на дапрацоўваньне, а яе пастанавіў вызваліць.
У красавіку Аляксандар Лукашэнка прызначыў былога намесьніка старшыні Кастрычніцкага раённага суду Аляксандра Рудэнку судзьдзём Менскага гарадзкога суду. Праваабаронцы падлічылі, што на той момант Аляксандр Рудэнка вынес 22 палітычныя прысуды паводле крымінальных артыкулаў і 154 рашэньні ў адміністрацыйных справах.
У кастрычніку 2024-га беларускія праваабаронцы прызналі Андрэя Лабаду палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Была шпіталізаваная». Палітзьняволеная журналістка Кацярына Андрэева перахварэла на пнэўманію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчука асудзілі на 18 гадоў, сярод артыкулаў былі палітычныя