Расея зноў атакавала Кіеў. СМІ пішуць аб перамовах паміж Украінай і Масквой аб эмбарга на абстрэлы энэргетыкі

Наступствы расейскай атакі Кіева 29 кастрычніка 2024 году

Расейскія войскі зноў атакавалі Кіеў — гэта 19-я атака толькі за кастрычнік 2024 году. У рэгіёнах Расеі заявілі аб зьнішчэньні ўкраінскіх дронаў.

На тле пастаянных удараў Расеі па тылавых гарадах Украіны брытанская прэса паведаміла аб перамовах, якія нібыта вядуць Кіеў і Масква аб спыненьні ўдараў па энэргетычных аб’ектах.

Расея запусьціла па тэрыторыі Ўкраіны больш за 60 баявых дронаў

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі аб зьбіцьці 33 з 62 запушчаных Расеяй баявых дронаў.

У Кіеве дроны пацэлілі ў шматпавярховы жылы дом — з рознай інтэнсіўнасьцю гарэлі шэсьць паверхаў. Пашкоджаньні атрымаў і дзіцячы садок. Ад больш цяжкіх наступстваў уратавала дрэва, якое расло побач з домам: ударыўшыся ў ствол, дрон выбухнуў на зямлі, ад чаго спачатку загарэўся балькон на другім паверсе, потым полымя распаўсюдзілася вышэй. Траўмы атрымалі 9 чалавек, у тым ліку і 11-гадовая дзяўчынка.

Украінскія сродкі супрацьпаветранай абароны працавалі ў Кіеўскай, Чаркаскай, Хмяльніцкай, Харкаўскай, Запароскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай.

Адначасова з дронамі Расея нанесла ракетны авіяўдар па Сумскай, Харкаўскай і Данецкай вобласьцях.

Улады Запароскай вобласьці паведамілі аб пашкоджаньнях, якія атрымаў жылы і прыватны сэктар, але абышлося без ахвяр. У Харкаўскай вобласьці ў выніку абстрэлаў таксама пацярпеў жылы сэктар — тры чалавекі атрымалі раненьні.
У Данецкай вобласьці адзін чалавек загінуў і 10 атрымалі раненьні. У Сумскай вобласьці параненыя два чалавекі.

У іншых рэгіёнах заявілі, што заяў аб пацярпелых і разбурэньнях не атрымлівалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая атака Расеі на Кіеў, Крывы Рог і Харкаў, дзясяткі загінулых і пацярпелых

У Расеі заявілі аб зьнішчэньні 23 украінскіх бесьпілётнікаў

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 30 кастрычніка «перахапілі і зьнішчылі» 23 украінскія бесьпілётнікі, у тым ліку 7 — над тэрыторыяй Растоўскай вобласьці, пяць — над Курскай, чатыры — над Смаленскай, па тры — над Арлоўскай і Бранскай і адзін — над Белагарадзкай вобласьцю.

Улады Белгарадзкай вобласьці заявілі аб пашкоджаньні лініі электраперадач, у выніку чаго жыхары шасьці населеных пунктаў засталіся без электраэнэргіі. Папярэдне, без ахвяр.

У іншых расейскіх рэгіёнах заявілі аб адсутнасьці разбурэньняў, пашкоджаньняў і пацярпелых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў паведаміў пра атаку дронаў на Чачэнію — першую з пачатку вайны

Што вядома аб перамовах

Брытанскае выданьне Financial Times паведаміла, што Ўкраіна і Расея вядуць папярэднія перамовы аб спыненьні ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры.

Паводле інфармацыі выданьня, Кіеў імкнецца аднавіць пры пасярэдніцтве Катару перамовы, якія былі блізкія да дамоўленасьцяў у жніўні, але былі сарваныя пачаткам Украінай баявых дзеяньняў у Курскай вобласьці Расеі.

«Ёсьць вельмі „раньнія“ перамовы пра патэнцыйны перазапуск нечага. Цяпер вядуцца перамовы наконт энэргетычных аб’ектаў», — працытавала выданьне высокапастаўленага прадстаўніка Ўкраіны. Паводле яго, Масква і Кіеў ужо зьнізілі частату атак на энэргетыку ў апошнія тыдні ў межах дамоўленасьцяў, дасягнутых выведнымі службамі Расеі і Ўкраіны.

У той жа час з спасылкай на крамлёўскага чыноўніка выданьне паведаміла, што Ўладзімір Пуцін наўрад ці пагодзіцца на такія дамоўленасьці да таго часу, пакуль расейцы ня выціснуць украінскіх вайскоўцаў з Курскай вобласьці.

Ва Ўкраіне крыніцы Financial Times адзначылі, што ўкраінскія вайскоўцы будуць працягваць наносіць удары па цэлях, у тым ліку па нафтаперапрацоўчых заводах, каб прымусіць Расею да перамоў.

Гэтую інфармацыю на афіцыйным узроўні пакуль не камэнтуюць ні ў Расеі, ні ва Ўкраіне.

Ва ўмовах вайны праверыць інфармацыю, якую распаўсюджваюць афіцыйныя органы Ўкраіны і Расеі, немагчыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: Зяленскі запытаў у ЗША ракеты Tomahawk як сродак стрымліваньня Расеі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.