У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску расстралялі больш за 100 дзеячоў беларускай культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадзкіх дзеячоў тагачаснай БССР. Гэтая дата засталася ў беларускай гісторыі як «Чорная ноч» альбо «Ноч расстраляных паэтаў».
Пра яе сувязь зь цяперашнім днём у праграме «ПіК Свабоды» расказвае гісторык Цімафей Акудовіч.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
- Ёсьць розныя падлікі, бо рэпрэсіі былі шматузроўневай і доўгай зьявай. Але, паводле падлікаў гісторыка і журналіста Леаніда Маракова, удар па інтэлігенцыі (да прыкладу, па дактарах, навукоўцах і настаўніках) у Беларусі быў мацнейшы, чым ва Ўкраіне і ў Расеі. Бо ў Беларусі пад рэпрэсіі трапілі да 80% такіх людзей, ва Ўкраіне — каля 40%, а ў Расеі — толькі 15%. Гэтыя лічбы ў нечым дыскусійныя, але ўсё адно ўдар па Беларусі быў адзін з самых вялікіх.
- Калі глядзець з плашчыні агульнай гісторыі, то зразумела, што людзей, якія сядзелі ў Маскве, значна больш палохалі і для іх былі значна больш незразумелыя людзі, якія штосьці рабілі на сваіх нацыянальных мовах, там, на ўскраінах. У Маскве, зразумела, баяліся, што ў гэтых нацыянальных асяродках сьпее нейкая там рэвалюцыя, ці контрарэвалюцыя, ці нешта яшчэ.
- Сама па сабе культура, мне падаецца, Маскву ня дужа палохала. Яе пужала тое, што за гэтай культурай можа хавацца палітычнае дзеяньне. І менавіта за палітычнае дзеяньне, за падазрэньне на палітычнае дзеяньне вынішчалі тых, хто мог гэта дзеяньне зрабіць. Таму вынішчалі нацыянальныя эліты ў рэспубліках, у Беларусі ж асобна яшчэ вынішчалі палякаў, яўрэяў — тых, хто быў іншы, і тых, хто мог штосьці прыдумаць.
- У цяперашняй сытуацыі я таксама бачу хутчэй барацьбу за ўладу, страх не прапусьціць кагосьці, хто можа зрабіць нешта ў палітычным кірунку. Паколькі найбольшая палітычная энэргія часта ідзе з боку беларускамоўнай прасторы, то атрымліваецца, што яе зачышчаюць — прычым максымальна, ня дужа разьбіраючыся, хто там, дзе і як. Цяпер яны добра разумеюць беларускую мову, але ёсьць страх палітычны, і ён прыводзіць да ўдару па культуры таксама. Мы шмат гаворым пра культуру, і гэта правільна. Але нам трэба часьцей гаварыць пра палітыку, пра тое, што гэтыя рэпрэсіі зьнішчаюць менавіта нашу палітычную волю.
- Да 2020 году, у 2010-я гады ў Беларусі культура стала ў нечым карыснай дзяржаве. Пасьля 2020 году стала зразумела, што культура ператварылася ў поле для барацьбы. Улады пабаяліся, што менавіта зь беларускага поля выйшлі сотні тысяч людзей на праспэкты. І таму яны дагэтуль «зачышчаюць» яго.
- Да 2020 году ў мяне было параўнаньне сытуацыі ў Беларусі зь міжваеннай Польшчай, з санацыяй, калі ў Польшчы ўсё падзялілася на прыватнае жыцьцё, дзе ты мог рабіць бізнэс, культуру, і жыцьцё палітычнае — цябе маглі там і забіць, і зьбіць, і кінуць у турму, калі штосьці не спадабаецца ўладам. Быў такі кантраст, нібыта жыве нармальная краіна, але ёсьць зона, у якую нельга заходзіць. І, мне здаецца, уся Беларусь жыла ў такой сытуацыі.
- З чым параўноўваць цяперашнюю сытуацыю, я, па шчырасьці, проста ня ведаю. Вельмі ня хочацца гэта параўноўваць там са сталінскімі рэпрэсіямі 1930-х гадоў — іншы час, іншая сытуацыя, але гэта, відавочна, ужо ня проста аўтарытарызм, гэта нешта, на жаль, больш жорсткае і больш шкоднае.
- Розьніца нашай сытуацыі з 1930-мі гадамі — тое, што цяпер рэпрэсіі робяць беларусы супраць беларусаў. Тады гэта былі рэпрэсіі з Масквы, і гэта вельмі істотная розьніца. Тут, мне здаецца, ня вельмі грае ролю тое, што Лукашэнка знаходзіцца пад нейкім уплывам Пуціна — мне здаецца, у сэнсе рэпрэсій ён сам робіць тое, што лічыць патрэбным.
- Важны момант, што цяпер гэтыя рэпрэсіі выбіваюць глебу з-пад самога Лукашэнкі і самой сыстэмы. Грамадзянская супольнасьць у Беларусі, пры тым, што яна была апазыцыйна настроеная да цяперашняй улады, выступае за незалежнасьць і ў сытуацыі нейкага экзыстэнцыйнага крызісу заўсёды стала б на бок абароны незалежнасьці. Лукашэнка гэтую магутную сілу проста зьнішчыў за апошнія чатыры гады. І гэта моцна аслабіла ягоныя пазыцыі супраць Расеі. Думаю, што ён сам гэта цудоўна разумее.
- Я бачу, што нават цяпер нараджаецца нейкая новая беларуская культура, якая дзейнічае на мяжы легальнасьці, але яна ёсьць. Зьяўляюцца маладыя музыкі, сьпевакі, якіх цікава паслухаць, адбываюцца нейкія падзеі. З другога боку, ты разумееш, што мы такое гадоў 20 назад рабілі моладзьдзю, а яны зноўку з нуля гэта ўсё пачынаюць. Гэта вельмі дрэнна, але прыемна бачыць, што гэта ўвогуле адбываецца.
- Шчыра кажу, што пагрозаў беларускай культуры як зьяве я ня бачу. Мне здаецца, беларуская культура вырасла да такога ўзроўню, што яна будзе. Пытаньне проста яе маштабу. Маштаб беларускай культуры залежыць ад наяўнасьці беларускай дзяржаўнасьці. Беларускай дзяржаўнасьці цяпер ёсьць пагроза ў той сытуацыі, якую мы цяпер маем. Таму асноўная наша пагроза — гэта пагроза беларускай дзяржаўнасьці.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.