Дзіцячая сьмяротнасьць ад «вонкавых прычын» у Беларусі сёлета вырасла амаль на 30%

Вікторыя Фіневіч

За першыя 9 месяцаў 2024 году ў Беларусі ад так званых вонкавых прычын загінулі 94 дзіцяці, паведаміла начальніца ўпраўленьня нагляду за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Вікторыя Фіневіч.

«За 9 месяцаў бягучага году ўжо загінулі 94 дзіцяці, што на 28,8% больш, чым у аналягічным пэрыядзе мінулага году», — паведаміла Вікторыя Фіневіч на прэс-канфэрэнцыі «Занятасьць школьнікаў у канікулярны час: арганізацыя вольнага часу і гарантаваньне бясьпекі» ў Менску.

Сярод іншага, адзначыла Фіневіч, «застаюцца актуальнымі пытаньні гібелі дзяцей у выніку ДТЗ»: за 9 месяцаў 2024 году на дарогах загінулі 18 непаўналетніх.

Неспрыяльная сытуацыя складваецца і з гібельлю дзяцей на пажарах, адзначыла прадстаўніца Генпракуратуры. Паводле яе, колькасьць загінулых дзяцей за 9 месяцаў 2024 году ўзрасла з 5 да 7, а на сёньняшні дзень ужо складае 10. Тым часам у зводках МНС Беларусі гаворыцца, што з пачатку году на пажарах загінулі 11 дзяцей. У большасьці выпадкаў, паводле Фіневіч, гібель на пажарах зьвязаная «зь несвоечасовым выяўленьнем сямейнай праблемнасьці і недастатковай прафіляктычнай працай зь сем’ямі».

Вікторыя Фіневіч удакладніла, што з пачатку 2021 году ў Беларусі ад вонкавых прычын загінулі 444 дзіцяці, у тым ліку ў выніку суіцыдаў — 101, утапленьняў — 113, дарожна-транспартных здарэньняў — 70, пажараў — 37, падзеньня з вышыні — 21, забойстваў — 12.

14 кастрычніка стала вядома пра гібель дзяцей на пажары ў аграгарадку Сеніца Менскага раёну, які забраў жыцьці дзьвюх дзяўчынак, 3 і 5 гадоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, у доме разам зь дзецьмі былі іхныя бацькі, якія, як сьцьвярджае Сьледчы камітэт, былі п’яныя. Адна зь дзяўчатак, паводле сьледчых, сказала бацькам, што «выпадкова падпаліла фіранку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Загінула 4-гадовая дзяўчынка з Камянецкага раёну, якую шукалі два дні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трагедыя ў Салігорску: дзіця загінула ад падзеньня фэна ў ваду