На 29 кастрычніка ў Беларусі 1294 палітвязьні, прызнаныя такімі міжнароднай супольнасьцю. Рэальная колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў, можа быць большай.
Палітычны зьняволены блогер Сяргей Ціханоўскі застаецца ў рэжыме інкамунікада ўжо 600 дзён, пра гэта гаворыцца ў паведамленні Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і ў тэлеграм-канале «Турма для жыцьця».
«Вось ужо 600 дзён Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі ад сьвету. Без магчымасьці бачыць сям’ю, абменьвацца лістамі або атрымаць хаця б слова падтрымкі ад сяброў», — гаворыцца ў паведамленьні Офісу.
Апошні раз відэазапіс зь Сяргеем Ціханоўскім у зьняволеньні улады апублікавалі 5 ліпеня 2023 году.
У Беларусі трымаюць у поўнай ізаляцыі шэраг палітзьняволеных. Так, у рэжыме інкамунікада, сярод іншых, сёньня знаходзяцца:
- Віктар Бабарыка — 631 дзень,
- Мікола Статкевіч — 629 дзён,
- Максім Знак — 629 дзён,
- Марыя Калеснікава — 625 дзён,
- Ігар Лосік — 618 дзён,
- Уладзімер Кніга — 420 дзён.