Дата дня
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску, як мяркуецца, ва ўрочышчы Курапаты, савецкая ўлада расстраляла больш за сотню прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Цяпер вядомыя імёны 132 ахвяраў.
Сярод расстраляных былі 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Найстарэйшаму з забітых камуністамі, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў, а сярод самых маладых былі паэт і перакладчык Юлі Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пятро Хатулёў (25 гадоў), пэдагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў).
Гэтая ноч стала самым трагічным пунктам хвалі маштабных рэпрэсіяў супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Хвалі, якая доўжылася з 1929-га па 1938 год, мела на мэце зьнішчэньне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выдатных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі соцень расстралялі, дзясяткі адпраўленыя ў лягеры і загінулі ў ГУЛАГу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ноч паэтаў». Як расстралялі дзеячоў беларускай культуры, кім яны былі і як іх ушаноўваюць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забытыя ахвяры. Што здараецца, калі тэрор становіцца часткай дзяржаўнай ідэалёгііГэты дзень у гісторыі
1989 (35 гадоў таму) — на Дзяды адбылося шэсьце ў Курапаты, мітынг-рэквіем і ўсталяваньне Крыжа Пакуты, які быў асьвячоны прадстаўнікамі чатырох хрысьціянскіх цэркваў. З таго моманту пачалася народная мэмарыялізацыя Курапатаў.
1992 — Вярхоўны Савет адхіліў ініцыятыву БНФ аб правядзеньні рэфэрэндуму аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах паводле новага дэмакратычнага закону. За рэфэрэндум выказаліся больш як 384 000 грамадзян Беларусі (пры патрэбных 350 тысячах).
У гэты дзень нарадзіліся
1451 — Хрыстафор Калюмб, славуты мараход, які кіраваў гішпанскай экспэдыцыяй у Індыю, у выніку якой была адкрытая Амэрыка.
1938 — Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнаўца, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык.
У памяці
1861 — Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф, пісьменьнік, публіцыст і тэатральны крытык.
1937 — Алесь Дудар (ад нараджэньня Дайлідовіч), паэт, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
1937 — Міхась Зарэцкі (ад нараджэньня Касянкоў), пісьменьнік, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
1937 — Мойшэ Кульбак, беларускі габрэйскі пісьменьнік, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
1937 — Валеры Маракоў, паэт, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
1937 — Міхась Чарот, паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадзкі дзеяч, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
2006 — Мікола Канаш, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.