У Грузіі пратэсты супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў. Апазыцыя патрабуе паўторных выбараў

Пратэстоўцы на праспэкце Руставелі ў Тбілісі. Грузія, 28 кастрычніка 2024 году

28 кастрычніка ў цэнтры Тбілісі праходзіць акцыя пратэсту супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў, паводле якіх кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара» застаецца ва ўладзе і зможа сфармаваць урад у чацьвёрты раз.

Галоўную вуліцу Тбілісі, праспэкт Руставелі, увечары 28 кастрычніка перакрылі ўдзельнікі мітынгу. Як паведамляе RusNews, на плошчы каля грузінскага парлямэнта сабраліся «тысячы пратэстоўцаў», людзі працягваюць падыходзіць. У натоўпе бачныя сьцягі Грузіі, Украіны і Эўразьвязу.

Паводле ацэнкі карэспандэнта «Дождя», у акцыі ўдзельнічаюць тысячы дэманстрантаў. На мітынг у тым ліку прыбыла прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, якая зьвярнулася да прысутных.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выступае перад пратэстоўцамі

Падчас свайго выступу Саламэ Зурабішвілі заявіла ў чарговы раз, што вынікі парлямэнцкіх выбараў былі скрадзеныя і «іх ніхто не прызнае».

«Я хачу вам сказаць, што вы, якія знаходзіцеся тут, не прайгралі выбары. Яны скралі ваш голас і спрабавалі скрасьці вашу будучыню, ніхто ня мае на гэта права, і вы нікому гэтага не дазволіце... Я магу паклясьціся, што буду з вамі да канца гэтай эўрапэйскай дарогі і пакуль мы не дасягнем дзьвярэй Эўропы, што ня проста зьяўляецца нашай марай, а рэальнасьцю, будучыняй, і ў нас няма альтэрнатывы, і мы ня хочам пакінуць гэтай краіне для наступных пакаленьняў нічога іншага акрамя незалежнасьці, свабоды, эўрапэйскасьці і грузінскай ідэнтычнасьці, якая ідзе за намі і такая каштоўная», — заявіла Зурабішвілі.

Грузінскія апазыцыйныя партыі, якія не прызнаюць вынікі парлямэнцкіх выбараў у краіне, патрабуюць правядзеньня паўторных выбараў. Іх павінна арганізаваць «міжнародная адміністрацыя», заявіў адзін зь лідэраў партыі «Адзінства-Нацыянальны рух» Георгій Вашадзэ на мітынгу ля парлямэнта Грузіі.

Георгій Вашадзэ

Вашадзэ азнаёміў пратэстоўцаў з рашэньнямі апанэнтаў уладаў:

«Першае: і вы, і мы лічым гэтыя выбары нелегітымнымі.

Другое — мы не зьбіраемся ўваходзіць у гэты парлямэнт, адмаўляемся ад усіх мандатаў і анулюем сьпісы.

Трэцяе — мы будзем змагацца да таго часу, пакуль не пераможам, і мы абяцаем, што пераможам.

Чацьвёртае — у нас вельмі канкрэтнае патрабаваньне: гэта — правесьці выбары нанова, але правесьці іх павінна міжнародная выбарчая адміністрацыя».

Вашадзэ таксама заявіў, што апазыцыя ня мае намеру весьці якія-небудзь перамовы з «Грузінскай марай».

«Адзіныя перамовы і пагадненьні павінны тычыцца паўторнага правядзеньня выбараў», — заявіў Вашадзэ.

Пратэстоўцы з плякатам «Грузія — не Расея»

Пратэстоўцы асьвісталі картэж Віктара Орбана, які прыехаў у Тбілісі

Раней стала вядома, што прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан наведае Грузію 28-29 кастрычніка. Ён стаў першым замежным лідэрам, які павіншаваў кіроўную ў Грузіі партыю «Грузінская мара» зь перамогай на парлямэнцкіх выбарах 26 кастрычніка: вугорскі прэм'ер гэта зрабіў яшчэ да таго, як зьявіліся першыя афіцыйныя вынікі галасаваньня.

Пасьля прылёту ў сталіцу Грузіі Орбан спыніўся ў гатэлі Марыёт на праспэкце Руставелі. Непадалёк ад гэтага месца праходзіць мітынг супраць фальсыфікацыі парлямэнцкіх выбараў.

У момант, калі паўз гатэль праходзілі пратэстоўцы, з будынка выйшаў Орбан у суправаджэньні аховы. Маніфэстанты пачалі асьвістваць палітыка.

На відэа, апублікаваным у тэлеграм-канале журналісткі Кацярыны Котрыкадзэ, чуваць, як прысутныя крычалі Орбану «Курва». Выданьне Paper Kartuli удакладняе, што на адрас вугорскага прэм’ера таксама гучалі воклічы «Пуцін — х**ло» і «Русэбо» («Рускія»).

Візыт у Грузію прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана падчас свайго выступу на мітынгу пракамэнтавала і прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі:

«Ніхто, акрамя аднаго чалавека (Орбана — рэд.) не прызнае гэтыя выбары», — заявіла Зурабішвілі, растлумачыўшы, што пасьля выбараў мела зносіны са шматлікімі эўрапэйскімі лідэрамі:

«Я размаўляла з прэзыдэнтамі эўрапэйскіх краін. Я размаўляла зь міністрамі замежных спраў. Вы, напэўна, чыталі, усе ацэнкі і пасланьні падтрымкі, якія зыходзяць з розных эўрапэйскіх краін, а таксама з Амэрыкі, мы ўбачылі вельмі выразную заяву дзяржсакратара. Нам усе гавораць адно: ніхто не прызнае гэтыя выбары, але ўсе гавораць нам, што мы павінны працягнуць расьсьледаваньне і давесьці яго да канца, і дарэчы, мы можам атрымаць міжнародную падтрымку для гэтага, каб гэтае расьсьледаваньне было дбайным і не пакінула ніводнага пытаньня без адказу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан едзе ў пасьлявыбарную Грузію. У Брусэлі заявілі, што яму не давалі паўнамоцтваў ад ЭЗ

У Грузіі 26 кастрычніка адбыліся парлямэнцкія выбары, на якіх абвясьцілі перамогу кіроўнай партыі «Грузінская мара». Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што не прызнае вынікаў парлямэнцкіх выбараў і што Грузія стала ахвярай «расейскай спэцапэрацыі», і заклікала грузінскі народ выходзіць на пратэсты.

Раней усе чатыры грузінскія апазыцыйныя партыі, якія пераадолелі 5-працэнтны бар’ер, не прызналі вынікі выбараў і заявілі аб нежаданьні ўваходзіць у новы парлямэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭЗ і ЗША заклікалі Грузію расьсьледаваць парушэньні на выбарах і скасаваць недэмакратычныя законы