Паводле яе зьвестак, «гаворка ідзе аб нерухомасьці і іншых актывах, якія ацэньваюцца ў дзясяткі мільёнаў даляраў».
Гэтае рашэньне кампанія назвала часткай «глябальнай стратэгіі» спаганяньня з РФ кампэнсацыі за страты, панесеныя «Нафтагазам» пасьля захопу Расеяй яго актываў пры анэксіі Крыму ў 2014 годзе.
Як адзначаецца, гэта «першы публічна вядомы пасьпяховы арышт актываў за межамі Ўкраіны» ў выкананьне арбітражнага рашэньня па пазовах украінскіх кампаній да Расеі адносна экспрапрыяцыі маёмасьці ў Крыме.
Кіраўнік «Нафтагазу» Аляксей Чарнышоў адзначыў, што кампанія працягне «актыўныя дзеяньні па выкананьні арбітражнага рашэньня ў іншых мэтавых юрысдыкцыях, дзе ёсьць расейскія актывы».
У красавіку 2023 году міжнародны арбітраж у Гаазе абавязаў Расею выплаціць пяць мільярдаў даляраў за страты і страчаную ў Крыме маёмасьць «Нафтагазу» пачынаючы з 2014 году. У кампаніі тады заявілі, што рашэньне суду можа быць выканана прымусова: калі Расея адмовіцца добраахвотна выконваць рашэньне суду, то «Нафтагаз», паводле Нью-Ёрскай канвэнцыі 1958 году, мае права пачаць працэс прымусовага выкананьня рашэньня на тэрыторыі тых дзяржаў, дзе знаходзяцца расейскія актывы.
У чэрвені стала вядома, што кампанія «Нафтагаз» падала ў амэрыканскі суд пазоў да Расеі на пяць мільярдаў даляраў.
Пазоў быў пададзены ў акрузе Калюмбія. У «Нафтагазе», абвяшчаючы аб пачатку судовай цяжбы, падкрэсьлілі, што зьвярнуліся ў амэрыканскі суд, бо ЗША — адна з краін, якія замарозілі ў рамках санкцый расейскія актывы.
Пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе ўкраінскія ўлады і асобныя ўкраінскія кампаніі падалі ў міжнародныя суды некалькі пазоваў супраць Расеі і яе ўлад з абвінавачаньнямі ў захопе іх уласнасьці.
У траўні 2018 году Міжнародны арбітражны суд у Гаазе прысудзіў кампэнсацыі ў суме $159 млн 17 украінскім кампаніям, якія страцілі актывы ў Крыме; большасьць зь іх былі зьвязаныя з Ігарам Каламойскім. А 26 лістапада 2018 году той жа суд прыняў рашэньне аб спагнаньні з Расеі $1,3 млрд стратаў, прычыненых пасьля анэксіі Крыму Ощадбанку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна спыніла транзыт расейскага газу праз Данбас. Гэта каля траціны расейскіх паставак у Эўропу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна нанесла ўдар па сьвідравальных устаноўках «Чарнаморнафтагазу»