22-гадовы Аляксей Коласаў стаў першым брамнікам – ураджэнцам Беларусі, калі ён выйшаў на матч НХЛ у складзе Philadelphia Flyers супраць Montreal Canadiens, піша агенцтва Associated Press.
Коласава паклікалі ў «Флаерз» у суботу ўвечары і ўключылі ў склад каманды ў гульні супраць «Манрэаля». Ён зрабіў 20 сэйваў, але каманда прайграла Montreal Canadiens зь лікам 4:3, што стала сёмым паражэньнем «Флаерз» у васьмі гульнях.
«Я думаю, што ён гуляў добра і зрабіў некалькі вельмі добрых сэйваў», — сказаў пасьля матчу трэнэр «Флаерз» Джон Тартарэла.
Адна з праблем, якую «Флаерз» павінны вырашыць з Коласавым, — гэта камунікацыя. Коласаў не размаўляе па-ангельску, таму часам ён і ягоныя абаронцы не на адной хвалі.
Гульня прайшла ў ноч на панядзелак 28 кастрычніка.
Галоўнай прычынай выкліку на матч Аляксея стала няўдалая гульня іншых галкіпэраў «Філядэльфіі».
Нягледзячы на тое, што каманда Аляксея прайграла 3:4, галоўны трэнэр «Філядэльфіі» станоўча ацаніў дэбют беларуса, што пакідае надзею на наступныя зьяўленьні брамніка ў матчах НХЛ.