Урад Беларусі ўнёс зьмены ў парадак дзяржаўнага ўліку і эксплюатацыі цывільных бесьпілётнікаў.
Як адзначаецца ў адпаведнай урадавай пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, цяпер Дэпартамэнт па авіяцыі, які займаецца рэгістрацыяй цывільных бесьпілётнікаў, можа адмовіць нават у прыняцьці заявы.
Сярод падстаў для такой адмовы вызначылі наяўнасьць няпоўных або несапраўдных зьвестак у заяве, падачу несапраўдных дакумэнтаў, знаходжаньне дрона на дзяржаўным уліку ў іншай дзяржаве. Дэпартамэнт павінен ухваліць рашэньне аб адмове ў прыняцьці заявы цягам 15 працоўных дзён.
Падставы для адмовы ў рэгістрацыі засталіся ранейшыя — неадпаведнасьць цывільных бесьпілётнікаў міжнародным стандартам і адсутнасьць адпаведнай пазнакі, унясеньне ў канструкцыю прылады зьменаў, якія парушаюць яго адпаведнасьць дакумэнтам вытворцы, неадпаведнасьць заяўленым мэтам эксплюатацыі, а таксама наяўнасьць зьвестак аб тым, што асобы, якія зьвяртаюцца па дзяржаўную рэгістрацыю дрона, займаюцца дзейнасьцю, што пагражае нацыянальнай бясьпецы.
Працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі цывільных дронаў увялі ў сьнежні 2023 году пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб забароне фізычным асобам увозіць, вырабляць і выкарыстоўваць дроны.