Беларуская чыгунка 25 кастрычніка перайменавала дзьве станцыі ў Гомельскай вобласьці, вынікае з раскладу руху цягнікоў, заўважыла выданьне blizko.by. Пра гэта паведамляе ў сацсетках і дзяржаўны тэлеканал «Мазыр».
Зьмены адбыліся на ўчастку ад Мазыра да Калінкавічаў.
Так, чыгуначную станцыю Козенкі афіцыйна перайменавалі ў станцыю Мазыр, у той час як ранейшая станцыя Мазыр цяпер называецца Мазыр-Паўночны, прычым па-расейску — «Мозырь-Павночный». Такую дзіўную назву выданьне тлумачыць тым, што цяпер, паводле правілаў, новыя назвы геаграфічным аб’ектам даюць на беларускай мове з трансьлітарацыяй, а не зь перакладам на расейскую мову.
Сьледам за зьменай назвы адбыліся зьмены ў раскладзе цягнікоў Беларускай чыгункі: цяпер станцыі Козенкі ў ім няма, яе нельга выбраць са сьпісу станцыяў, затое ў раскладзе дызеля Калінкавічы — Славечна зьявілася новая назва Мазыр-Паўночны. Пры гэтым, БЧ яшчэ паказвае расклад прыгараднага цягніка Козенкі — Калінкавічы, хаця самой станцыі Козенкі ў маршруце яго руху няма.
Перайменаваньне чыгуначных станцый — рэдкая зьява ў Беларусі. Як адзначае «Флагшток», у пытаньні перайменаваньня чынуначных станцыяў беларускія ўлады заўсёды былі кансэрватыўныя, бо гэта цягне за сабой неабходнасьць зьменаў суправаджальнай дакумэнтацыі ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. У назвах чыгуначных станцыяў у Беларусі, напрыклад, дагэтуль захаваліся дарэвалюцыйныя тапонімы, такія як Койданава і Аўраамаўская.
Гісторыя станцыі Козенкі пачалася больш за сто гадоў таму, калі ў пачатку XX стагодзьдзя тут пабудавалі лінію, каб абысьці складаны рэльеф Мазыра. Гэтае рашэньне забясьпечыла больш зручны доступ да чыгункі, чым станцыя ў межах горада. У апошнія гады Козенкі адыгрывалі важную ролю ў транспартнай інфраструктуры. Прычынамі актыўнага выкарыстаньня станцыі зьяўляюцца зручнае яе разьмяшчэньне для сувязі з прамысловымі прадпрыемствамі раёна.
Паводле зьвестак «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі», станцыя Козенкі была адной зь дзесяці галоўных станцыяў Гомельскага аддзяленьня БЧ па дастаўцы тэхнікі і снарадаў падчас уварваньня расейскага войска з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маскуюць пад шкло і трубы». Як расейскія войскі могуць выкарыстоўваць беларускую чыгунку для падвозу боепрыпасаў