Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы «рашуча адпрэчыла» абвінавачваньні ў сьмерці мігранта, знойдзенага 22 кастрычніка ў памежным Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці, паведамляе партал onet.pl.
Паводле прэс-сакратара ведамства Януша Сэймэя, на гэтым участку «не было выпадкаў перасячэньня мяжы або якіх-небудзь падзеяў, зьвязаных з актыўнасьцю мігрантаў», пры гэтым «ва ўказаны час узрасла актыўнасьць беларускіх службаў у гэтым раёне».
«Гэта яшчэ адзін прыклад зьяўленьня ў мэдыя фэйкавых навінаў, накіраваных супраць Польшчы. Хочам адзначыць, што вайна, якую вядзе Расея, выходзіць за рамкі ваенных дзеяньняў і выходзіць за межы тэрыторыі нашага ўсходняга суседа», — падкрэсьліў Сэймэй.
У Памежнай ахове Польшчы onet.pl адмовілі ў камэнтары на гэтую тэму. «Мы не камэнтуем матэрыялаў, разьмешчаных у інтэрнэце беларускімі службамі, разглядаем іх як чарговыя элемэнты правакацыі і дэзынфармацыі», — паўтарыў прэс-сакратар памежнага ведамства Анджэй Юзьвяк.
23 кастрычніка Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што напярэдадні ўвечары ў Камянецкім раёне «паблізу польскага плота» знайшлі цела «ўцекача з Банглядэш». У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі абвінавацілі ўлады Польшчы ў тым, што яны «маюць намер афіцыйна адмяніць правы на прытулак, у рэчаіснасьці ўжо пазбавілі ўцекачоў права на жыцьцё». Польская міграцыйная палітыка, сьцьвярджае ведамства «ад студзеня забіла шэсьць уцекачоў».
Частковае прыпыненьне права на прытулак у сувязі з крызісам на мяжы прапанавалі ў новай міграцыйнай стратэгіяй Польшчы, прынятай 15 кастрычніка.
- Беларускія ўлады рэгулярна заяўляюць пра пакуты, фізычныя траўмы і гібель іншаземцаў на мяжы з краінамі Эўразьвязу, нязьменна ўскладаючы адказнасьць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- 27 кастрычніка 2023 году, камэнтуючы плыні нелегальнай міграцыі зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць ня будзем. Тым больш вы (краіны Захаду. — Рэд.) іх паклікалі. Няхай ідуць».