Хакеры, зьвязаныя з урадам Кітая, узламалі некаторыя элемэнты тэлекамунікацыйнай сыстэмы ЗША падчас атакі, якая можа быць зьвязаная са спробай атрымаць доступ да дадзеных перадвыбарных штабоў Дональда Трампа і Камалы Гарыс, паведамляе Голас Амэрыкі.
ФБР і Агенцтва па кібэрбясьпецы і абароне інфраструктуры заявілі ў пятніцу, што яны вядуць расьсьледаваньне «несанкцыянаванага доступу» да камэрцыйнай тэлекамунікацыйнай інфраструктуры, прыпісаўшы атаку зьвязаным з Кітаем суб’ектам.
Ведамствы заявілі, што яны неадкладна апавясьцілі пацярпелыя кампаніі, як толькі ўзлом быў выяўлены, і прапанавалі дапамогу.
Амбасада Кітая ў Вашынгтоне абвергла абвінавачваньні ЗША ў хакерскіх нападах як дэзынфармацыю, назваўшы ЗША «крыніцай і найбуйнейшым выканаўцам кібэратак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьнікні зь Літвы». Падпалілі дзьверы «Беларускага дому» ў ВільніГазэта New York Times паведаміла ў пятніцу, што кітайскія хакеры, як мяркуецца, узламалі тэлекамунікацыйныя сеткі, каб атакаваць перадвыбарную кампанію Трампа.
Людзі, знаёмыя з ходам расьсьледаваньня, паведамілі газэце, што кітайскія хакеры спрабавалі атрымаць доступ да дадзеных з тэлефонаў, якім карыстаецца Трамп і кандыдат у віцэ-прэзыдэнты ад рэспубліканцаў сэнатар Джэй Ды Вэнс.
Акрамя таго, крыніца, знаёмая з ходам расьсьледаваньня, паведаміла «Голасу Амэрыкі», што мэтай хакераў таксама сталі людзі, зьвязаныя з кампаніяй віцэ-прэзыдэнткі Гарыс.
Сьледчыя спрабуюць вызначыць, якія дадзеныя ўдалося атрымаць хакерам, і ці маглі яны праслухоўваць размовы ў рэжыме рэальнага часу.
ФБР адмовілася камэнтаваць паведамленьні аб узломах штабоў Трампа і Гарыс.
У заяве для «Голасу Амэрыкі» штаб Трампа прызнаў факт узлому і абвінаваціў у ім Гарыс, аднак не адказаў на пытаньні аб тым, якім чынам Гарыс або яе штаб дапусьцілі атаку кітайскіх хакераў.
Штаб Гарыс пакуль не адказаў на просьбу «Голасу Амэрыкі» аб камэнтары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыўную групу Лукашэнкі ўзначаліў былы старшыня мытні