Ізраіль нанёс удары па ваенных аб'ектах у Іране

Тэгеран, 26 кастрычніка 2024

Сёньня раніцай, 26 кастрычніка, Ізраіль нанёс сэрыю паветраных удараў па ваенных аб’ектах у Іране.

Па заяве ізраільскага войска, гэта адказ на ўдары па Ізраілі Ірана і яго саюзьнікаў, якія працягваюцца ўжо больш за год.

«Мы нанесьлі мэтанакіраваныя і дакладныя ўдары па ваенных аб’ектах у Іране і прадухілілі непасрэдныя пагрозы Дзяржаве Ізраіль», — паведаміў аб завяршэньні атакі празь некалькі гадзін прадстаўнік ЦАХАЛ Даніэль Хагары.

Паводле інфармацыі ЦАХАЛ, ізраільскія самалёты атакавалі пункты вытворчасьці ракет, якімі Іран біў па Ізраілі, а таксама ракетныя комплексы клясы «зямля-паветра» і іншыя паветраныя цэлі, якія процідзейнічалі ўдарам Ізраіля па Ірану.

Хагары папярэдзіў, што калі Іран адкажа на ўдары, Ізраіль зноў адрэагуе. Прыватнае іранскае агенцтва Tasnim са спасылкай на крыніцу піша, што Іран гатовы адказаць на агрэсію Ізраіля, як і на любую іншую агрэсію.

Ведамства па супрацьпаветранай абароне Ірана пацьвердзіла, што Ізраіль ударыў па ваенных аб'ектах у правінцыях Тэгеран, Хузэстан і Ілам. Некаторым з іх быў нанесены ўрон, памеры якога зараз удакладняюцца, цытуе ведамства Tasnim. Па паведамленьнях у сацыяльных сетках, выбухі былі таксама чутныя ў рэгіёнах Ісфахан, Хорасан-Рэзаві і Курдыстан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль абяцаў ЗША не атакаваць ядзерныя і нафтавыя аб’екты Ірану, — The Washington Post

Па звестках The Wall Street Journal, Ізраіль апавясьціў ЗША аб паветраных ударах незадоўга да іх пачатку. ЗША заклікаюць Іран не адказваць на ізраільскі напад.

Паветраныя ўдары Ізраіля ў адказ на масіраваную іранскую атаку 1 кастрычніка, якая ў сваю чаргу была адказам на забойства Ізраілем высокапастаўленых членаў ХАМАС і «Хезбалы», прызнаных тэрарыстычным у ЗША і Ізраілі, могуць прывесьці да поўнамаштабнай вайны дзьвюх дзяржаў, асьцерагаюцца экспэрты. Паведамлялася, што падчас папярэдніх абмеркаваньняў ізраільскага адказу ЗША заклікалі Ізраіль не бамбаваць іранскія ядзерныя аб’екты і аб’екты, звязаныя з вытворчасьцю нафты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр ХАМАСу Ях’я Сінвар забіты. Што гэта значыць для вайны ў сэктары Газа