Правячая кааліцыя сацыял-дэмакратаў у парлямэнце, якая раней устрымалася пры галасаваньні, цяпер далучылася да правапапулістаў і прагаласавала супраць. «Атрымліваецца, што ў цяперашняй парлямэнцкай кадэнцыі гуманітарных візаў у Партугаліі ня будзе», — заявіў Павел Елізараў зь «Лібэральнай ініцыятывы», якая і падрыхтавала законапраект.
Елізараў — расейскі палітычны актывіст, які атрымаў палітычны прытулак у Партугаліі. Сёлета ён быў абраны ў партугальскі парлямэнт ад партыі «Лібэральная ініцыятыва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партугалія пачне выдаваць гуманітарныя візы. Іх змогуць атрымаць і беларусыПрапанова гэтай партыі дазволіла б людзям, якіх перасьледуюць на радзіме, атрымаць адмысловую візу ў Партугалію, каб, прыехаўшы, папрасіць у ёй палітычнага прытулку. Цяпер гэта можна зрабіць па турыстычнай візе, якую трэба атрымліваць у краіне грамадзянства ці ў іншай — пры наяўнасьці дазволу на жыхарства.
Правапапулісцкая партыя «Хопіць!», якая галасавала супраць законапраекту першапачаткова, заяўляла, што гэта «закон здраднікаў», якія вырашылі «нелегалаў рабіць партугальцамі», адзначае Елізараў, шкадуючы, што «ўлады ідуць за радыкаламі зь іх рыторыкай».