Але, як адзначае агенцтва The Associated Press у артыкуле пра выбары, кіроўная ў Літве кансэрватыўная партыя «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» працягвае змагацца, нягледзячы на перавагу ў першым туры левай апазыцыі.
Істотных зрухаў у замежнай палітыцы не чакаюць
Папулярнасьці ўраду прэм’ер-міністаркі Інгрыды Шыманіце, якая заняла пасаду ў 2020 годзе, нашкодзілі жорсткія захады супраць COVID-19 падчас пандэміі, палітычныя скандалы з удзелам некалькіх ключавых чальцоў кабінэту міністраў і наплыў мігрантаў.
«Галасаваньне ў Літве, якая мяжуе з расейскім Калінінградзкім эксклявам на захадзе і Беларусьсю на ўсходзе, адбываецца, калі вайна Расеі ва Ўкраіне выклікае вялікія страхі што да намераў Масквы, асабліва ў стратэгічна важным балтыйскім рэгіёне. Гэта будзе вызначаць палітычны тон на наступныя чатыры гады», — мяркуюць аналітыкі, на якіх спасылаецца The Associated Press.
Пры гэтым крыніцы агенцтва прадказваюць, што істотных зьменаў у замежнай палітыцы Літвы ня будзе.
«Нягледзячы на магчымы зрух улева, Літва застанецца сябрам Эўразьвязу і NATO, якія заўзята падтрымліваюць Украіну», — мяркуюць аўтары дасьледаваньня.
Пэрспэктывы стварэньня новай кааліцыі
The Associated Press аналізуе выбарчую сытуацыю пасьля першага туру галасаваньня, што адбыўся 13 кастрычніка. Выбарнікі ў дзясятках акругаў будуць выбіраць паміж двума кандыдатамі, якія мелі бальшыню ў першым туры.
Пасьля другога туру будзе сфармаваны новы 141-мясцовы парлямэнт.
Два тыдні таму апазыцыйныя сацыял-дэмакраты на чале зь Віліяй Блінкявічуце выйшлі наперад, заняўшы 20 зь першых 70 месцаў, якія вызначаліся ў першым туры. Такім чынам, яны на два месцы апярэдзілі партыю Шыманіце „Зьвяз Айчыны“.
Вілія Блінкявічуце заявіла, што яна і левацэнтрысцкі Зьвяз дэмакратаў „У імя Літвы“, які атрымаў восем месцаў, паспрабуюць стварыць кааліцыю разам з Партыяй сялян і зялёных.
Тры партыі, якія пакуль маюць агулам 34 месцы ў парлямэнце, заявілі, што будуць падтрымліваць кандыдатаў адна аднае ў другім туры.
Аднак левацэнтрысцкія партыі могуць страціць лідэрства, іх здольнасьць сфармаваць стабільны ўрад можа залежаць ад новай партыі, якую шмат хто лічыць ізгоем, — перадбачаць аналітыкі.
Ідзецца пра «Нёманскую зару», якая заняла ў першым туры трэцяе месца з 15 мандатамі. Яе лідэр Рэмігіюс Жамайтайціс у пачатку 2024 году пакінуў парлямэнт пасьля пачатку расьсьледаваньня яго антысэміцкіх заяваў. Моцны вынік «Нёманскай зары» на выбарах можа прывесьці да таго, што ўрад меншасьці паспрабуе сфармаваць прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце.
«Ніхто ня можа прэтэндаваць на відавочную большасьць пасьля першага туру», — адзначае Мажвідас Ястрамскіс, палітычны аналітык з Інстытуту міжнародных адносін і паліталёгіі Віленскага ўнівэрсытэту.
Экспэрт нагадвае, што ў выніку першагу тур: «Зьвяз Айчыны» Шыманіце атрымаў 18 месцаў, а «Зьвяз лібэралаў», які ўваходзіць у цяперашнюю кіроўную кааліцыю, — толькі 8 месцаў.
«Абедзьве партыі маюць некалькі дзясяткаў кандыдатаў — лідэраў у сваіх акругах перад другім турам, і ўсё ж яны ня ў стане атрымаць 71 месца, неабходнае для большасьці», — мяркуе Мажвідас Ястрамскіс.
Чаго баяцца літоўскія выбарнікі
Як вынік — трывожныя настроі выбарнікаў.
«Я галасавала за тых, хто ніколі ня будзе глядзець на ўсход, я не давяраю былым камуністам і новым папулістам», — цытуе Associated Press Яніну Кветкаўскене, бібліятэкарку на пэнсіі, якая прагаласавала на ўчастку для датэрміновага галасаваньня ў Вільні.
Аналітыкі прызнаюць слушнымі асьцярогі жанчыны і яе аднадумцаў. Дасьледнікі адзначаюць, што невыпадкова большасць традыцыйных партыяў перад выбарамі заяўлялі, што ня будуць аб’ядноўвацца зь «Нёманскай зарой».
Сацыял-дэмакраты, напрыклад, адрынулі які-хаця альянс з партыяй Жамайтайціса. Тым ня менш «Нёманская зара» абвясьціла на гэтым тыдні, што падтрымае спробу Блінкявічуце стаць прэм’ер-міністаркай. Ястрамскіс лічыць малаверагодным, што тры левацэнтрысцкія партыі атрымаюць дастаткова месцаў, каб самім сфармаваць стабільны новы ўрад, зазначаюць у артыкуле.
«Больш імаверны варыянт для ўстойлівай большасьці — калі „Нёманская зара“ далучыцца да ўжо анансаванай трохпартыйнай кааліцыі, — думае палітычны аналітык Мажвідас Ястрамскіс, на якога спасылаецца The Associated Press. — Але гэта можа стаць сур’ёзнай праблемай для кабінэту міністраў, калі непрымальныя рыторыка і дзеяньні будуць працягвацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве праходзяць парлямэнцкія выбары, улады ўжо заяўляюць пра яўку, большую за 50% ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт патлумачыў, як можа зьмяніцца палітыка Літвы адносна Беларусі, калі на выбарах перамогуць левыя ці радыкалы