25 кастрычніка расейскі Цэнтрабанк павысіў ключавую стаўку да максымальнага ўзроўню за 20 гадоў — да 21%. Гэта трэцяе падвышэньне ключавой стаўкі запар, яна вырасла адразу на 2%.
Апошні раз на такім узроўні стаўка была ў 2003 годзе. Паказьнік пастаянна зьніжаўся з 1998 году, калі яго значэньне дасягнула 150%.
Павышэньне стаўкі павялічвае кошт крэдытаў для эканомікі і насельніцтва і зьніжае эканамічны рост, што павінна прывесьці да зьніжэньня інфляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Казахстан і Ўзбэкістан супраціўляюцца спробам Расеі збудаваць кааліцыюУ тлумачэньні расейскага Цэнтрабанку гаворыцца, што прычынай такога рашэньня стаў істотна вышэйшы за прагнозны рост інфляцыі і рост інфляцыйных чаканьняў.
«Рост унутранага попыту значна апярэджвае магчымасьці пашырэньня прапановы тавараў і паслуг. Дадатковыя выдаткі бюджэту і адпаведнае пашырэньне дэфіцыту фэдэральнага бюджэту ў 2024 годзе аказваюць праінфляцыйны эфэкт», — гаворыцца ў паведамленьні банку.
Цэнтрабанк таксама падкрэсьліў зьніжэньне тэмпаў эканамічнага росту ў краіне. Тлумачыцца гэта недахопам працоўнай сілы і вытворчых магутнасьцяў.
Адметна, што ў кастрычніку Міжнародны валютны фонд павысіў прагноз росту расейскай эканомікі па выніках году да 3,6%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ павысіў прагноз росту ВУП Беларусі на 2024 год. Што кажуць іншыя прагнозы і экспэрты