Пракурор Новікаў папрасіў пакараць абвінавачаных у дывэрсіі грамадзян Беларусі Арцёма Брэскага 14,5 года і Кірыла Басько — 14 гадамі калёніі строгага рэжыму, перадаў карэспандэнт «Медиазоны» з Маскоўскага абласнога суду.
Прадстаўнік расейскай чыгункі таксама заявіў грамадзянскі пазоў на суму 2 мільёны 874 тысячы расейскіх рублёў (каля 29 737 даляраў). Абодва падсудныя гатовы пакрыць шкоду, але не пагадзіліся з сумай. Брэскі лічыць, што яна «няправільна палічаная», таму што «бачыў лякаматыў, ён быў наагул нерабочы».
У чым вінавацяць беларусаў
Ураджэнцаў Віцебска Басько і Брэскага, якія прыехалі ў Маскву на заробкі, затрымалі ў Маскве 27 сьнежня 2022 году. У той дзень на іх склалі пратаколы аб дробным хуліганстве (частка 1 артыкула 20.1 КаАП) і аштрафавалі за лаянку ў грамадзкім месцы. Пазьней суд арыштаваў беларусаў паводле артыкулу аб наўмысным пашкоджаньні маёмасьці (частка 2 артыкула 167 КК), і толькі потым абвінавачаньне перакваліфікавалі паводле артыкулу аб дывэрсіі.
Па вэрсіі сьледзтва, Басько і Брэскі за ўзнагароджаньне падпалілі электравоз у лякаматыўным дэпо «Арэхава-Зуева». Такое заданьне даў ім невядомы, які разьмясьціў аб’яву аб працы ў тэлеграм-канале «Вписки-Москва» і прадставіўся «Юрыем». Выступаючы сьведкам у судзе, опэрупаўнаважаны ФСБ Павел Памітун сьцьвярджаў, што «Юрый» аказаўся ўкраінскім выведнікам, хаця спэцслужба і не ўстанавіла яго асобу. На пытаньне, як ён прыйшоў да высновы, што «Юрый» служыць у ГУР, Памітун адказаць ня змог.
Паводле паказаньняў, якія Басько і Брэскі давалі на сьледзтве, падпал электравоза быў не адзіным заданьнем «Юрыя» — спачатку той прапанаваў падпаліць аўтамабіль, а пасьля яшчэ адзін лякаматыў, але ўжо ў Маскве. Пры гэтым, як вынікае з абвешчанага ў судзе пратакола допыту Басько, яны з Брэскім ашукалі «Юрыя»: выдалі знойдзены ў інтэрнэце ролік за відэасправаздачу аб падпале машыны і атрымалі ганарар у біткоінах.
Як ішоў суд
У судзе абодва падсудныя адмовіліся ад гэтых паказаньняў. Басько заявіў, што падпісаў пратакол, не чытаючы, бо падчас допыту нейкі мужчына біў іх з Брэскім і пагражаў надзець мяшок на галаву. Брэскі, калі ў судзе абвясьцілі пратакол ягонага допыту на сьледзтве, сказаў: «Такога не было, як там пішуць! Такіх паказаньняў не даваў».
Абодва падсудныя прасілі перакваліфікаваць справу па артыкуле аб пашкоджаньні маёмасьці, настойваючы, што нічога ня ведалі аб верагоднай сувязі «Юрыя» з украінскай выведкай (той нібыта прадставіўся блогерам-пранкерам) і не зьбіраліся выводзіць са строю транспартную інфраструктуру. Лякаматыў, які яны падпалілі, быў стары і няспраўны, а ў кабіне машыніста «ўсё было разламана», казалі Басько і Брэскі ў судзе. Маладыя людзі расказалі, што выкарыстоўвалі толькі «крыху» запальнай сумесі, а заплечнік з пакінутым пасьля падпалу гаручым пакінулі ў гостэле. Яго знайшла прыбіральніца і выклікала паліцыю, тады беларусы самі адправіліся забіраць заплечнік у АУС «Басманны», дзе іх і затрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другога беларускага добраахвотніка завочна асудзілі ў Данецку на 14 гадоў зьняволеньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых у лютым на Палесьсі ўкраінскіх «дывэрсантаў» асудзілі на 20 гадоў калёніі кожнага