У Лёндане з аўкцыёну прадалі калекцыю твораў Марка Шагала

Марк Шагал. Архіўнае фота

Самым дарагім творам аўкцыёну стаў твор Марка Шагала «Сьвятое сямейства ў чырвоным і каза ў зялёным» (1950). Яго прадалі за 163 800 эўра.

Лёнданскі аўкцыённы дом Christie’s з 9 па 22 кастрычніка правёў чарговыя онлайн-таргі, прысьвечаныя творам Марка Шагала са збору яго спадчыньнікаў, піша Reform.news.

Самым дарагой працай на аўкцыёне стаў твор Марка Шагала «Сьвятое сямейства ў чырвоным і каза ў зялёным» (1950). Яго прадалі за 163 800 эўра. Пры гэтым прыблізная ацэнка лота экспэртамі аўкцыённага дома складала ад 18 000 да 28 000 эўра.

Усяго апошні распродаж твораў мастака пад тэматычнай назвай «Паміж небам і зямлёй» складаўся з 72 работ з калекцыі яго нашчадкаў.

Чакалася, што найбольшую цікавасьць пакупнікоў выкліча гуашавы «Анёл з чырвонымі крыламі ў жоўтым небе», створаны ў 1979 годзе: лот ацэньваўся ў 38 000–55 000 эўра, а ў выніку яго прадалі за 138 тысяч эўра.

Топ-3 самых дарагіх твораў на гэтых таргах закрывае малюнак «Успаміны аб вясьне», намаляваны прыблізна ў 1983 годзе. Першапачаткова яго ацэньвалі ў 38 000–55 000 эўра, але быў прададзены за 119 700 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карціну Марка Шагала «Над горадам» прадалі на аўкцыёне Sotheby’s больш як за 15 мільёнаў даляраў