Вялікая Брытанія шчыльна супрацоўнічае зь Літвой, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за парушэньні правоў чалавека, гаворыцца ў адказе МЗС краіны на пытаньне аб падтрымцы звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд для расьсьледаваньня злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых рэжымам Лукашэнкі.
Чалец брытанскай Палаты лордаў Дэвід Элтан задаў ураду Вялікай Брытаніі пытаньне пра тое, «якую ўвагу ён надаў перадачы Літвой справы Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд» і ці падтрымлівае ён гэты крок.
Яму адказала парлямэнцкая намесьніца міністра замежных спраў Джэні Чапман. Адказ апублікаваны на сайце брытанскага парлямэнту.
У адказе яна адзначыла, што ўрад Вялікай Брытаніі ведае пра запыт, які накіравала Літва, і «ўдзяляе належную ўвагу гэтаму запыту».
«Мы шчыльна супрацоўнічаем зь Літвой і іншымі міжнароднымі партнэрамі, каб прыцягнуць беларускія ўлады да адказнасьці за жахлівае прыгнечаньне правоў чалавека ў гэтай краіне.
Мы па-ранейшаму адданыя больш шырокім мерам адказнасьці, у тым ліку шляхам фінансаваньня Міжнароднай платформы адказнасьці для Беларусі, якая зьбірае і захоўвае доказы злачынстваў, учыненых беларускім рэжымам», — адзначыла Чапман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Латушка пра пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд: Цягнік з Лукашэнкам едзе ў Гаагу- 30 верасьня ўрад Літвы афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў. Злачынствы ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў – удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі МКС, падкрэсьлівалі ў заяве Міністэрства юстыцыі Літвы. У матэрыялах гаварылася пра «злачынствы супраць чалавечнасьці трох розных тыпаў: незаконная дэпартацыя, перасьлед і іншыя бесчалавечныя дзеяньні».
- Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Ган пацьвердзіў, што Літва як дзяржава — удзельніца Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду мела права перадаць матэрыялы і заявіў, што правядзе іх папярэдняе вывучэньне. Разам з тым ён падкрэсьліў, што зварот «не вядзе аўтаматычна з пачатку расьсьледаваньня».
- Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганьні Літвы па прыцягненьні Лукашэнкі да адказнасьці ў МКС.
- Пра падтрымку пазову Літвы раней заявілі ў Польшчы і Латвіі.