У месцах зьняволеньня ў Беларусі цяпер знаходзяцца сама меней 12 грамадзян Украіны, якіх абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасьці», «шпіянажы» і па іншых палітычна матываваных крымінальных артыкулах, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Як адзначаюць праваабаронцы, з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі: іх затрымліваюць паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў, а на памежных пунктах Беларусі дагэтуль працягваюць пільна дапытваць украінцаў і правяраць іхныя тэлефоны.
Украінцаў у Беларусі найчасьцей перасьледуюць за нібыта «супрацоўніцтва з украінскімі спэцслужбамі». Дзеяньні затрыманых кваліфікуюць як «агентурную дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358 КК). Фігурантамі гэтых артыкулаў сталі сама меней восем грамадзян Украіны. Крыніца інфармацыі пра такія справы ў большасьці выпадкаў — прапагандысцкія сюжэты, суды праходзяць у закрытым рэжыме.
Па стане на чэрвень 2024 году ў Беларусі ў зьняволеньні па крымінальных артыкулах утрымлівалі сама меней 15 украінцаў. 28 чэрвеня зь Беларусі па абмене як палонных вызвалілі 5 палітзьняволеных грамадзян Украіны: на волі апынуліся Натальля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава і фігурант «справы дывэрсіі ў Мачулішчах» Мікалай Швец, якога ў кастрычніку завочна асудзілі на 25 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну вярнуліся 5 чалавек, якіх раней арыштавалі і засудзілі ў Беларусі. Хто яны?На цяперашні момант праваабаронцам вядома яшчэ пра 12 грамадзян Украіны, якіх трымаюць у няволі ў Беларусі паводле палітычна матываваных крымінальных артыкулаў.
Вячаслаў Бародзій, егер з украінскага памежжа
Затрыманы ў Ельскім раёне Беларусі (мяжуе з Жытомірскай вобласьцю Ўкраіны) восеньню 2023 году па абвінавачаньні ў «падрыхтоўцы тэрактаў». Тады агулам затрымалі 6 чалавек. У прапагандысцкім фільме, які паказалі на дзяржаўных каналах, расказалі, што Вячаслаў Бародзій пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны, а з сакавіка 2023 году «стаў супрацоўнічаць яшчэ і з СБУ».
Вячаслава Бародзія разам зь беларусамі Мікалаем Ласоўскім і Валянцінай Полаз пачалі судзіць 15 кастрычніка 2024 году ў Гомельскім абласным судзе. Украінца абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасьці». На сьледчых дзеяньнях яго вадзілі на ланцугу.
Іван Ліхалат, украінец, які жыве ў Беларусі больш за 10 гадоў
Івана Ліхалата пачалі судзіць разам з двума беларусамі, Барысам Пухальскім і Іванам Бародзічам, 22 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе. Ім інкрымінуюць 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 358-1 (агентурная дзейнасьць), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносінаў), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) ч. 2 арт. 406 КК (неданясеньне аб злачынстве). Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Пра затрыманьне мужчын стала вядома ў верасьні 2023 году з вышэйназванага прапагандысцкага фільму па БТ. Сьцьвярджалася, што яны нібыта выйшлі на сувязь з СБУ і плянавалі ўзарваць чыгунку ў Талачынскім раёне. У сюжэце расказвалі, што ўкраінец Іван Ліхалат перабраўся ў Беларусь у 2013 годзе, ажаніўся зь беларускай, гадаваў траіх непаўналетніх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць украінца і двух беларусаў, якіх назвалі «агентамі СБУ». Ім пагражае сьмяротнае пакараньнеЮры Бандарэнка, 55-гадовы жыхар Крапіўніцкага
10 ліпеня 2024 году Юрыю Бандарэнку прысудзілі 1 год і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Справу разглядалі ў судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці перасьледу невядомыя.
25-гадовы дыджэй Арцём Макавей
27 студзеня 2024 году ў Кобрыні за «агентурную дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) затрымалі 25-гадовага дыджэя з Украіны Арцёма Макавея. Паводле «Нашай Нівы», Макавей жыў у Беларусі з 2009 году, меў тут дазвол на жыхарства. Яго маці расказвала, што ў студзені 2023 году сына выклікалі ў міграцыйную службу і «прапаноўвалі там прайсьці паліграф». Яго затрымалі.
Падчас закрытага працэсу ў Берасьцейскім абласным судзе Арцёма Макавея асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня. Сутнасьць абвінавачваньня невядомая, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Яго адправілі адбываць тэрмін у бабруйскую калёнію. На пачатку жніўня 2024 году стала вядома, што Арцёма зьмясьцілі ў СІЗА № 7, прычыны невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16 іншаземных шпіёнаў за два гады. Як і каго ў Беларусі абвінавачвалі ў агентурнай дзейнасьціСяргей і Павал Кабарчукі, бацька і сын з украінскага памежжа
На пачатку красавіка 2024 году дзяржаўны канал АНТ выпусьціў сюжэт пра затрыманьні ў памежных з Украінай раёнах. Паведамлялі пра 10 затрыманых, трое зь якіх — грамадзяне Ўкраіны. Паводле сюжэту, бацька і сын Сяргей і Павал Кабарчукі нелегальна перайшлі ўкраінска-беларускую мяжу, пры іх нібыта знайшлі выбуховыя прыстасаваньні, якія прызначаліся «для ўчыненьня тэрактаў перш за ўсё на тэрыторыі Расеі і Беларусі». КДБ сьцьвярджае, што іх рэйд у Беларусь арганізавала СБУ.
23 кастрычніка ў Гомельскім абласным судзе абвясьцілі прысуд Сяргею і Паўлу Кабарчукам — іх асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму кожнага, а таксама прызначылі кожнаму па 28 тысяч беларускіх рублёў штрафу. Кабарчукоў прызналі вінаватымі ў агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1 КК), падрыхтоўцы да акту тэрарызму (ч.1 арт.13, ч. 3 арт. 289 КК), незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў у складзе арганізаванай групы (ч. 3 арт. 333-1, ч. 4 арт. 295 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых у лютым на Палесьсі ўкраінскіх «дывэрсантаў» асудзілі на 20 гадоў калёніі кожнагаУ тым жа красавіцкім сюжэце АНТ пра затрыманьні ў памежных з Украінай раёнах сьцьвярджалася, што затрымалі грамадзянку Ўкраіны, жыхарку Маларыцкага раёну Лідзію Грук. Паводле прапагандыстаў, яна са сваім мужам Яўгенам фатаграфавала прымежныя аб’екты ва Ўкраіне. Аўтары роліка сьцьвярджалі, што яе таксама абвінавачваюць у «тэрарызьме». Дагэтуль інфармацыя пра перасьлед жанчыны не знайшла пацьверджаньня ў іншых крыніцах.
16-гадовая студэнтка Марыя Місюк
Напрыканцы красавіка 2024 году выйшаў прапагандысцкі фільм «Дети на прицеле. Завербованные врагом», дзе паведамілі пра затрыманьне сямі падлеткаў за «супрацоўніцтва з украінскімі спэцслужбамі». Некаторых зь іх абвінавачвалі ў «акце тэрарызму» і «здрадзе дзяржаве». У фільме расказалі, што 6 падлеткаў нібыта аб’ядналіся ў «анархісцкую ячэйку «Чорныя салаўі», якую «пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Ўкраіны» стварыла 16-гадовая грамадзянка Ўкраіны Марыя Місюк.
Справа да суду не дайшла, актуальны працэсуальны статус і месцазнаходжаньне Марыі невядомыя.
Асуджаныя за «агентурную дзейнасьць»: Міхаіл Сталярчук, Дзьмітры Гудзік, Сяргей Бойка
24 лістапада 2022 году ў Берасьцейскім абласным судзе вынесьлі прысуд у справе за «агентурную дзейнасьць» у Беларусі на карысьць Украіны. Судзілі ўкраінцаў Міхаіла Сталярчука і Дзьмітрыя Гудзіка — за тое, што «зьбіралі зьвесткі пра вайсковую тэхніку і аб’екты ў Беларусі на заданьне СБУ». Судзьдзя Андрэй Лешчанка прызначыў Міхаілу шэсьць гадоў калёніі, а Дзьмітрыю — пяць. Тэрміны яны адбываюць у віцебскай і магілёўскай калёніях.
Як расказвалі ў прапагандысцкім сюжэце АНТ, украінцаў затрымалі на пункце пропуску «Макраны» ў Берасьцейскай вобласьці — яны ехалі на аўтобусе «Львоў — Берасьце». Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, зьвесткі пра вайсковую тэхніку і аб’екты яны зьбіралі з 2018 году. Зь імі затрымалі таксама Ігара Дзірко, але замест судовага перасьледу яго выслалі зь Беларусі.
Таксама за «агентурную дзейнасьць» (паводле арт. 358-1 КК) улетку 2023 году ў Гомельскім абласным судзе асудзілі грамадзяніна Ўкраіны і жыхара Нароўлі Сяргея Бойку. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, справу разглядаў Анатоль Сотнікаў. Тэрмін невядомы, але прысуд зьвязаны з пазбаўленьнем волі (Бойка адбывае тэрмін у ПК № 3). Сяргея Бойку ўнесьлі ў сьпіс «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за «агентурную дзейнасьць» асудзілі мінімум пяць украінцаў, і суды працягваюццаСупрацоўнік аблвыканкаму Андрэй Шмай
У Віцебскім абласным судзе 15 лютага 2024 году пачалі судзіць 37-гадовага грамадзяніна Ўкраіны Андрэя Шмая. Яго абвінавацілі ў шпіянажы (арт. 358) і агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1). Справу разглядаў Яўген Бурунаў, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд Андрэю невядомы, як і месца яго ўтрыманьня.
Андрэй за кратамі з 19 студзеня 2023 году. Затрымалі яго на працоўным месцы. Доўгі час сям’я ня ведала, што зь ім здарылася, і толькі праз два тыдні жонцы Андрэя патэлефанавалі з органаў. Чалавек, які назваўся сьледчым, папрасіў перадаць дакумэнты Андрэя. Больш ніякіх падрабязнасьцяў ён не паведаміў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Схапілі толькі за тое, што ўкраінец і меў Signal на тэлефоне». Маці пра затрыманага ў Віцебску «агента» зь фільма АНТАндрэй Шмай нарадзіўся ў Чарнігаве, мае ўкраінскае грамадзянства. У Беларусь пераехаў пасьля жаніцьбы. Сям’я ўжо 10 гадоў жыла ў Віцебску. Працаваў Андрэй рабочым па абслугоўваньні будынкаў Віцебскага аблвыканкаму. Вядома, што ён былы вайсковец, з 2006 па 2013 году служыў на беларуска-ўкраінскай мяжы інспэктарам пункту пропуску «Ярылавічы».
У фільме АНТ пра тэракт у Мачулішчах і сетку СБУ, які выйшаў 5 красавіка 2023 году, сьцьвярджаецца, нібыта Андрэй Шмай рэгулярна адпраўляў інфармацыю пра сытуацыю ў аблвыканкаме праз мэсэнджар Signal ва Ўкраіну свайму малодшаму брату Руслану, які служыць у Чарнігаўскім апэратыўным упраўленьні «Поўнач» і зьяўляецца намесьнікам камандзіра ў апэратыўных справах.
34-гадовы Аляксандар Катовіч
У сакавіку 2024 году ў Менскім гарадзкім судзе на 5 гадоў калёніі асудзілі грамадзяніна Ўкраіны Аляксандра Катовіча. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі).
Сутнасьць абвінавачваньня невядомая. Тэрмін украінец адбывае ў шклоўскай калёніі № 17.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават ня ведаю, колькі гадоў далі сыну». Гісторыі ўкраінцаў, якія застаюцца за кратамі ў Беларусі з абвінавачаньнем у шпіянажы