Пра гэта гаворыцца на сайце Эўрапейскага парлямэнту.
Марыя Карына Мачада выйграла першасныя выбары ў Вэнэсуэле ў 2023 годзе і была вылучаная кандыдаткай у прэзыдэнты ад апазыцыйнай «Плятформы дэмакратычнага адзінства», аднак улады зьнялі яе з выбарчай гонкі. Пасьля гэтага кандыдатам у прэзыдэнты стаў Эдмунда Гансалес.
Дзейны прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура абвясьціў пра сваю перамогу на выбарах, аднак іх вынікі былі аспрэчаныя незалежнымі назіральнікамі, у тым ліку ААН.
Эўрапейскі парлямэнт прызнаў Эдмунда Гансалеса законным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы ў рэзалюцыі, прынятай у верасьні 2024 году.
На фоне пратэстаў і палітычных рэпрэсіяў Мачада мусіла хавацца, а на пачатку верасьня суд у Вэнэсуэле выдаў ордэр на арышт Гансалеса. Ён пераехаў у Гішпанію, дзе атрымаў прытулак.
«Эдмунда і Марыя працягваюць змагацца за справядлівую, свабодную, мірную перадачу ўлады і бясстрашна адстойваюць тыя каштоўнасьці, якія так дарагія мільёнам вэнэсуэльцаў: справядлівасьць, дэмакратыя і вяршэнства закону. Эўрапарлямэнт падтрымлівае народ Вэнэсуэлы, Марыю і Эдмунда ў іх барацьбе за дэмакратыю. Гэта ўзнагарода для іх», — заявіла старшыня Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала, абвяшчаючы ляўрэатаў прэміі.
У 2023 годзе прэмію Сахарава прысудзілі загінулай у Іране 22-гадовай Махсе Аміні і іранскаму пратэставаму руху «Жанчыны, жыцьцё, свабода», а ў 2022 годзе — «адважнаму народу Ўкраіны, які прадстаўлены яго прэзыдэнтам, абранымі лідэрамі і грамадзянскай супольнасьцю».
Прэмія Сахарава была зацьверджаная Эўрапейскім парлямэнтам у 1988 годзе і ўручаецца асобам, якія «зрабілі выключны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека па ўсім зямным шары». Яна названая ў гонар савецкага праваабаронцы і дысыдэнта Андрэя Сахарава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожны чацьвёрты зьехаў з краіны». Вэнэсуэльская дыпляматка расказала пра пасьлявыбарныя пратэсты і апазыцыю ў выгнаньні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ не прызнае «дэмакратычнай легітымнасьці» Мадура на пасадзе прэзыдэнта Вэнэсуэлы