«Кепская вада, не стае лекараў». На што скардзяцца жыхары спадарожнікаў Менску, якія зноў узяўся разьвіваць Лукашэнка

Цэнтральная плошча ў Смалявічах, архіўнае фота

Лукашэнка прапанаваў правесьці хуткасныя чыгуначныя лініі ў гарады – спадарожнікі Менску. Глядзім, што цяпер зь імі адбываецца і чаго бракуе іх жыхарам.

21 кастрычніка, гаворачы пра транспартную інфраструктуру, Лукашэнка прапанаваў пабудаваць хуткасныя чыгуначныя лініі да гарадоў – спадарожнікаў Менску. На яго думку, гэта дапаможа разгрузіць густанаселеную сталіцу, а людзям адтуль будзе зручней дабірацца на працу ў Менск.

«Трэба ствараць нармальныя ня толькі аўтамабільныя, але і чыгуначныя, і іншыя шляхі зносін. Шмат распрацовак у сьвеце ўжо ёсьць. Таму ў гэтым кірунку нам трэба рухацца, і ў наступнай пяцігодцы пытаньні гарадоў-спадарожнікаў, асабліва Менску, мы павінны вырашыць», — сказаў ён.

Цяперашнія спадарожнікі Менску — гэта Дзяржынск, Фаніпаль, Смалявічы, Лагойск, Заслаўе і пасёлак Рудзенск. Улады ня першы раз гавораць пра неабходнасьць іх разьвіцьця.

Хуткасная электрычка на вакзале ў Заслаўі. Архіўнае фота

У некаторыя гарады – спадарожнікі Менску ўжо нейкі час можна дабрацца цягнікамі гарадзкіх ліній.

Як улады разьвівалі гарады-спадарожнікі

Амбітныя пляны росту гарадоў-спадарожнікаў чыноўнікі агучылі яшчэ ў 2014 годзе. Плянавалася, што за 10-15 гадоў прырост жыхароў там складзе 120-130 тысяч. Толькі зь Менску, паводле плянаў, туды мусілі пераехаць 50-60 тысяч чалавек.

Аднак за 10 гадоў колькасьць жыхароў усіх гарадоў-спадарожнікаў вырасла толькі на 21 тысячу 31 чалавека. Гэта ў шэсьць разоў менш за заплянаванае.

У Рудзенску жыхароў стала нават менш — на 68 чалавек. А за апошні год (2023/2024) зьменшылася колькасьць жыхароў у Заслаўі (мінус 15) і Дзяржынску (таксама мінус 15 жыхароў).

Таксама ў гарадах-спадарожніках сталі менш будаваць жыльля. Калі летась за першыя паўгода ў Дзяржынскім раёне, куды ўваходзіць Фаніпаль, пабудавалі 37,7 тысячы квадратных мэтраў агульнай жылой плошчы, то сёлета — 21,4 тысячы.

У Смалявіцкім раёне летась за паўгода здалі крыху больш за 43 тысячы квадратных мэтраў агульнай жылой плошчы. А сёлета — 42,6 тысячы. У Лагойскім раёне ў 2023-м за першыя паўгода пабудавалі 26,3 тысячы квадратных мэтраў жылой плошчы. Сёлета — 19,4 тысячы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці паболела жыхароў у гарадах-спадарожніках Менску, пра якія 10 гадоў гаворыць Лукашэнка?

У Пухавіцкім раёне, куды ўваходзіць Рудзенск, летась за першыя паўгода ўвялі ў эксплюатацыю 32,8 тысячы квадратных мэтраў жылой плошчы. Сёлета за такі ж час — толькі 20,8 тысячы квадратных мэтраў.

У большасьці раёнаў, дзе месьцяцца гарады – спадарожнікі Менску, з 2015 году ня стала больш школаў. У Дзяржынскім раёне іх так і засталося 25, у Пухавіцкім, дзе месьціцца Рудзенск, была 31 школа, а стала 28. У Смалявіцкім раёне стала на адну школу больш, у Лагойскім на дзьве менш,

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прырост жыхароў у гарадах-спадарожніках у 7 разоў меншы, чым плянавалі ўлады. У некаторых людзей стала менш

«Кепская вада, не стае лекараў, настаўнікаў і гіпэрмаркетаў»

Свабода на ўмовах ананімнасьці паразмаўляла зь некалькімі былымі і цяперашнімі жыхарамі гарадоў – спадарожнікаў беларускай сталіцы. На іх думку, зносіны зь Менскам — важнае пытаньне. Аднак суразмоўцы перакананыя, што хуткасныя цягнікі нельга будзе пускаць кожныя 20 хвілін. А дабірацца да Менску без уласнага аўтамабіля жыхарам даводзіцца часам па 50 хвілін.

«Езьдзіць маршруткамі ці электрычкамі штодзень на працу ў Менск ня вельмі зручна, без машыны гэта цяжка», — адзначыў адзін з суразмоўцаў.

Некалькі чалавек таксама паскардзіліся на якасьць вады ў гарадах-спадарожніках.

«Вада бывае брудная, а бывае, улетку яе проста няма. Праблема перамяшчацца зь дзіцячым вазком. Вялікая праблема таксама зь лекарамі, яна была заўсёды. Няма вузкіх спэцыялістаў, праблема нават да ЛОРа трапіць», — пералічвае набалелае адзін з суразмоўцаў.

Яшчэ адна праблема, на якую зьвярнулі ўвагу суразмоўцы Свабоды: бракуе трэнэраў, кіраўнікоў гурткоў, настаўнікаў і пэдагогаў. Ёсьць таксама пытаньні да забаваў — мала кавярняў, няма сеткавых крамаў і вялікіх гіпэрмаркетаў.

«Па ўсё гэта трэба ехаць у Менск», — кажа адзін з суразмоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прырост жыхароў у гарадах-спадарожніках у 7 разоў меншы, чым плянавалі ўлады. У некаторых людзей стала менш