Беларуская «дачка» міжнароднай кампаніі Inros lackner — фірма «Інрас лакнер блр», якая займалася праектаваньнем завода чыпсаў «Анега» і Тураўскага малочнага камбіната, а таксама рэканструкцыяй будынкаў «Лідзкага піва», прызнаная банкрутам, заўважыла «Люстэрка».
З заявай аб завядзеньні справы аб банкруцтве зьвярнулася само прадпрыемства — «Інрас лакнер блр» (раней называлася «Белпрамбаўплан Кансалт»). Першае паседжаньне прайшло ў чэрвені. На той момант фірма мела даўгі на 1,28 мільёна беларускіх рублёў. У той самы час яе актывы ацэньваліся на суму 368 тысяч рублёў, вынікае з дакумэнтаў, апублікаваных у адзіным дзяржаўным рэестры зьвестак аб банкруцтве.
Фірма была вінная партнэрам і сваім работнікам, а таксама мела запазычанасьць па падатках і перад крэдыторамі.
15 кастрычніка 2024 году яе прызналі банкрутам — з наступнай ліквідацыяй.
«Інрас лакнер блр» заснавалі ў 1993 годзе, яна працавала ў сфэры архітэктуры, будаўнічых канструкцыяў і інжынэрна-тэхнічных сыстэмаў. Фірма належыць двум нямецкім кампаніям і беларускаму бізнэсоўцу і знаходзіцца ў сьпісе кампаній з замежным капіталам «недружалюбных» дзяржаў, якім забаранілі без спэцыяльнага дазволу ўладаў выводзіць актывы зь Беларусі.
За гады працы «Інрас лакнер блр» брала ўдзел у будаўніцтве і праектаваньні будынкаў вядомых прадпрыемстваў, уключаючы завод па вытворчасьці чыпсаў «Анега», Тураўскі малочны камбінат, будынкі, дзе разьмешчанае «Лідзкае піва», а яшчэ — гандлёвы цэнтар «МAGNIT» у Менску, гандлёвы дом «Ждановічы», лягістычны комплекс McDonald’s і складзкі комплекс «Эўраопта».
Калі ў 2022 годзе ў кампаніі працавалі 16 чалавек (раней паведамлялі пра больш за 60 дыплямаваных архітэктарах у калектыве), дык у 2024 годзе — толькі двое.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі будзе прызначаць сваіх кіраўнікоў у кампаніі з замежным капіталам. Разьбіраемся з экспэртам, што гэта азначае ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыдычная асоба парку «Дрымлэнд» замест ліквідацыі ідзе на банкруцтва ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску замест гатэля францускай сеткі пабудуюць паліклініку, беларускі інвэстар пад працэдурай банкруцтва