Па словах Алексіевіч, беларускія эліты не чакалі, што людзі здольныя на пратэст. У коле сяброў пісьменьніцы казалі, што «народ сьпіць, пратэст немагчымы», адзначыла яна ў інтэрвію Deutsche Welle.
Калі ж пратэст здарыўся, было мала людзей, якія яго асэнсоўвалі, кажа яна: «Гэта было проста свята — якія мы добрыя, якія мы прыгожыя. І наагул будучыня — вось яна, побач, а ўсё аказалася больш жорстка».
«У мірнага пратэсту не было шанцаў перамагчы, бо побач напагатове быў Пуцін», — дадала пісьменьніца.
Беларусы ў 2020 годзе «сталі нацыяй» і паказалі, што можна спрабаваць нечага дабівацца бяз гвалту, лічыць Алексіевіч.
Яна падкрэсьліла, што не была гатовая заклікаць людзей да сілавога пратэсту, які яна звязвае з ахвярамі і праліцьцём крыві найперш сярод маладых людзей. Алексіевіч выказала думку, што нават калі б пралілася кроў, «праз Расею беларусы б не жылі ў іншай краіне».
«Мы бачым, на што здольны Пуцін. Беларусь ляжала б у руінах, як зараз ляжыць у руінах Украіна. Мы ўсё зрабілі правільна. Мы даказалі сабе, сьвету, што ўсё ж ХХІ стагодзьдзе, што трэба неяк інакш, без крыві. І гэта някрасаўскае, што справа моцная, калі пад ёй бруіцца кроў, не павінна быць нашым дэвізам», — растлумачыла яна.
«Нельга сказаць, што мы прайгралі. Мы сталі іншымі, сьвет пачаў глядзець на нас іншымі вачыма, гэта вельмі шмат значыць», — дадала Алексіевіч.
Разважаючы пра тое, як будуць будавацца адносіны ў грамадзтве ў Беларусі пасьля зьмены ўлады, пісьменьніца заявіла, што «будучыня за любоўю, аднак размова не ідзе аб тым, каб перагарнуць старонку», што прапаноўваў зрабіць Аляксандар Лукашэнка ў 2020 годзе.
«Трэба прабачаць, інакш гэтая бездань зацягне нас зноў. Гэта будзе тое, што рабілі бальшавікі. Трэба тое, што адбылося, асэнсаваць, адрэфлексаваць, канкрэтных вінаватых пакараць, а ня тое што сусед на суседа і грамадзянская вайна. Я вельмі баюся грамадзянскай вайны, гэта ня выйсьце», — адзначыла Алексіевіч.
Гаворачы пра беларускую эміграцыю, пісьменьніца падкрэсьліла, што «гэты досьвед павінен даць сілы для новага нараджэньня, кожны павінен прадумаць сябе, прадумаць будучыню». Яна параіла тым, хто пакінуў Беларусь, атрымліваць адукацыю, падарожнічаць, калі магчыма — рыхтавацца да Беларусі будучыні.
Адказваючы на пытаньне: «А што, калі беларусы яго не дачакаюцца?», Алексіевіч сказала:
«Дачакаемся, час нельга перамагчы. Максымум 10 гадоў, але я думаю, яшчэ менш. Многае будзе залежаць ад Эўропы і тых працэсаў, якія будуць у Расеі. Але пакуль у Расеі я ня бачу сіл супраціву. Шлях да свабоды — працяглы працэс, а мы думалі, сьвята за акном».
- У красавіку Алексіевіч і яшчэ 53 ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі падпісаліся пад адкрытым зваротам да Лукашэнкі, генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша, урадавых органаў Польшчы і іншых краін з заклікам падтрымаць палітычную амністыю ў Беларусі.
- Алексіевіч — першая ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў гісторыі незалежнай Беларусі. Летам 2020 года ўвайшла ў прэзыдыюм першага складу Каардынацыйнай рады. 9 верасьня таго ж году ў яе менскую кватэру спрабавалі трапіць невядомыя. Тады Алексіевіч папрасіла журналістаў дзяжурыць каля яе дома, падтрымаць літаратарку прыехалі заходнія дыпляматы. Неўзабаве пасьля гэтага пісьменьніца выехала з краіны. Цяпер жыве ў Нямеччыне.