Беларуска Ганна Мядзьведзева атрымала прыз на трыенале керамікі і шкла ў Даніі. Яна назірае за прыродай, каб ствараць абстрактныя керамічныя работы. Найдаражэйшы ейны твор купілі за 4200 эўра.
Беларуская мастачка Ганна Мядзьведзева тры гады жыве за мяжой. Сказаць, дзе менавіта, складана. Кажа, што ўвесь час пераяжджае. Асноўная краіна знаходжаньня — Польшча. Але за апошні год беларуска пражыла там увогуле толькі тры тыдні.
Ганьне 36 гадоў. Паходзіць з Горадні. Зь дзяцінства хадзіла на гурток керамікі. Зь пятай клясы да канца школы вучылася ў Менску ў гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка. Жыла ў інтэрнаце, да бацькоў прыяжджала толькі на вакацыі.
«Гэта свая сям’я ўжо атрымліваецца з тых, хто вучыцца, і настаўнікаў», — успамінае суразмоўца.
Яна хацела паступаць на скульптуру. Але знаёмыя адгаварылі, бо «скульптура гэта не для дзяўчыны». Раней лічылі, што гэты занятак фізычна цяжкі, таму больш падыходзіць для хлопцаў. Але апошнім часам усё больш дзяўчат прыходзяць у гэты кірунак, кажа суразмоўца.
«Мне заўсёды хацелася займацца нечым трохвымерным. Скульптурай хацелася займацца», — успамінае Ганна.
Урэшце яна пайшла на кераміку ў Акадэмію мастацтваў. Кажа, што конкурс быў невялікі, бо займацца гэтым кірункам складана і дорага — патрэбна дарагое абсталяваньне, майстэрня. Цяпер уладкавацца па кірунку керамікі ў Беларусі амаль немагчыма. Ганна крыху папрацавала ў рэстаўрацыйных майстэрнях у Менску, а потым выкладала ў Акадэміі мастацтва.
Удзел у камэрцыйнай рэзыдэнцыі каштуе 7 тысяч эўра
У 2021 годзе Ганна выехала зь Беларусі. Цяпер у яе няма сваёй майстэрні. Яна шукае магчымасьці папрацаваць на творчых рэзыдэнцыях. Езьдзіць па Эўропе і Азіі. Сёлета была ў Японіі, Швайцарыі, Нарвэгіі. Раней — у Кітаі, Францыі, Нямеччыне, Латвіі, Польшчы. Налета заплянавала паездкі ў Кітай і Інданэзію.
Па яе словах, падчас рэзыдэнцыі бываюць розныя ўмовы: на некаторых аплочваюць пражываньне і матэрыялы для працы, часам даюць яшчэ стыпэндыю. Трапіць на іх можна праз конкурс. Звычайная ўмова — творца ў падзяку пакідае арганізатарам адну ці некалькі сваіх работ.
Ёсьць камэрцыйныя рэзыдэнцыі, за якія чалавек плаціць сам. Ганна на такія пакуль ня езьдзіць, бо гэта дорага. Прыкладам, сёлета рэзыдэнцыя ў Швайцарыі каштавала 7 тысяч эўра за месяц.
Калі рэзыдэнцыя не ў Эўропе, то потым складана перапраўляць свае творы ў Польшчу. Перасылка керамічных вырабаў зь Японіі каштавала некалькі сотняў даляраў. Творы Ганна перавозіць у драўляных скрынях, добра запакоўвае, каб іх пры транспартаваньні не пашкодзілі.
Строгага графіку, паводле якога Ганна працуе, няма. Сёлета ў верасьні яна была на рэзыдэнцыі ў Нарвэгіі. Там можна было працаваць таксама ноччу. Таму мастачка праводзіла за працай па 10-12 гадзін на дзень. Калі яна знаходзілася ў Японіі, то працавала менш, больш глядзела краіну.
«Краявіды, напоўненыя паветрам»
Сёлета Ганна атрымала прыз на трыенале сучаснай керамікі і шкла ў Даніі. Яна прадстаўляла там сваю сэрыю «Краявіды». Раней атрымлівала ўзнагароды за біенале ў Кітаі, Украіне, Румыніі.
«Для мяне краявіды ня плоскія палотны ў рамах, а нешта напоўненае паветрам, якое атачае. Мы заўсёды сябе ў краявідзе адчуваем пэўным чынам. На нас уплывае, як разьмяркоўваецца сьвятло. Як яно расьсейваецца праз галіны дрэваў ці праз туман. Як адбіваецца ад паверхняў шурпатых ці замшэлых камянёў. Для мяне гэта вельмі моцны эмацыйны досьвед, які я ўкладваю ў свае аб’екты», — тлумачыць творца.
Творы мастачка стараецца рабіць абстрактнымі, каб захаваць свабоду інтэрпрытацый. Каб кожны глядач знаходзіў у іх нешта сваё.
«У мяне ў галаве ёсьць склад розных эмацыйных перажываньняў, якія ў мяне асацыююцца з канкрэтнымі фактурамі, формамі. Усё гэта складаецца ў трохвымерныя вобразы», — апісвае суразмоўца.
Па яе словах, гэтыя эмоцыі складаныя. Некаторыя структуры зьвязаныя з халодным пэрыядам году. Яны больш закрытыя ў сабе, быццам схаваліся. Можна ўбачыць падабенства, быццам скруцілася жывёла. Апошнія ейныя працы маюць па тры ножкі, што сымбалізуе ўстойлівасьць. Ганна назірае за прыродай, каб дасьледаваць структуры расьлін, каралаў, моху, як празь іх праходзіць паветра. Потым спрабуе гэта ўвасобіць у кераміцы.
«Кераміка дапамагае мне выказаць свае перажываньні, думкі максымальна шырокімі сродкамі. Гэта і форма, і фактуры, паверхні, і колер. Мне гэта дае самавыяўленьне», — кажа Ганна.
Удзельнічаць у конкурсах ці выставах ня вельмі складана нават невядомым майстрам, кажа мастачка. Гэта прасьцей рабіць з Польшчы, чым зь Беларусі. Нядаўна яна паслала сваю працу на конкурс у Кітай і атрымала за яе ўзнагароду. Перасылка каштавала каля 50 эўра. Журы часта выбіраюць «сьляпым мэтадам» і не глядзяць на рэзюмэ. Складаней трапіць на рэзыдэнцыі — вось там ужо важная творчая біяграфія майстра.
Самы дарагі твор за 4200 эўра
Складана знайсьці момант, у які Ганна пачала ствараць абстрактныя аб’екты. Гэта паступовы працэс, які залежыць ад натхненьня, кажа суразмоўца. Калі яна выкладала ў Акадэміі мастацтваў, то ў перапынках паміж лекцыямі рабіла нешта сваё. Нечага практычнага, як кубкі ці міскі, Ганна ня робіць. Займалася гэтым толькі ў студэнцтве.
«Можа, у мяне недызайнэрскі склад розуму, каб рабіць кубкі добрыя, посуд. Я не адчуваю, што магу», — адзначае яна.
Ганна кажа, што ейныя скульптуры добра прадаюцца. Пасьля леташняй выставы ў Латвіі ў яе не засталося нічога з твораў. Звычайна керамічныя творы купляюць галерэі або калекцыянэры.
Керамічныя творы могуць каштаваць ад некалькіх сотняў эўра да некалькіх тысяч. Найбольшая сума, за якую ў Ганны купілі працу, — 4200 эўра. У Беларусі Ганна іх не прадавала.
У Японіі печы для керамікі памерам з дом
Адным з важных дасягненьняў Ганна лічыць тое, што яе ўзялі на рэзыдэнцыю ў Японію. Яна лічыць, што менавіта там знаходзяцца сусьветныя цэнтры керамікі. У адным з такіх яна і працавала.
«Там абсталяваньне, пра якое можна марыць. Там печы памерам зь невялікі дом», — расказвае яна.
Там знаходзіўся і вядомы японскі мастак, якому было каля 100 гадоў. Зранку ён працаваў дзьве гадзіны. Рэшту дня гуляў, вёў размовы.
«Я мару мець такі графік», — усьміхаецца мастачка.
Ганна любіць японскую кераміку. Для яе гэта самая блізкая эстэтыка. Яна мяркуе, што за ёй хаваецца вельмі доўгая культура назіраньня за прыродай.
«Яны гэта вельмі тонка адлюстроўваюць у кераміцы. Я адчуваю, што за гэтым доўгія гадзіны назіраньня за навакольным сьветам. Яны так вычышчаюць вобразы, што застаецца адна, вельмі простая лінія сылуюэта. Там не заўсёды ёсьць нейкія вельмі эфэктныя рэчы. Вельмі часта гэта простая лякальная форма, якая сваімі прапорцыямі проста цябе валіць з ног. Ты адчуваеш: ух ты, гэта крута!» — дзеліцца суразмоўца.
Сваёй майстэрні ў Ганны пакуль няма. Але хацела б яе адкрыць. Кажа, што ў Польшчы складана знайсьці адпаведнае памяшканьне. Толькі на печ і на камунікацыі да яе патрэбна каля 20 тысяч эўра.
Штогод пасьля выезду зь Беларусі мастачка ладзіць пэрсанальныя выставы. Летась экспанавала сэрыю «Краявіды» ў музэі Марка Ротка ў Латвіі. Неўзабаве хоча зрабіць выставу з творамі большага памеру. У плянах таксама паспрабаваць працаваць з мэталам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская мастачка атрымала галоўны прыз трыенале сучаснай керамікі і шкла European Ceramic Context у Даніі