Кабул абстралялі ракетамі. Талібы праводзяць ператрусы

Аэрапорт Кабулу

22 кастрычніка талібы правялі пакватэрныя ператрусы як мінімум у двух раёнах афганскай сталіцы Кабула, паведамілі мясцовыя крыніцы афганскай службы Радыё Свабода.

Жыхар раёну Хайр-Хана, які пажадаў не называць яго імя ў мэтах бясьпекі, паведаміў, што талібы правялі ператрусы ў гэтым і яшчэ адным раёне сталіцы, вядомым пад нумарам 315. Іншыя СМІ таксама паведамлялі пра рэйды, але талібы пакуль не камэнтуюць гэтых паведамленьняў.

Ператрусы адбыліся пасьля таго, як 19 кастрычніка па аэрапорце Кабулу было выпушчана як мінімум дзьве ракеты. Адказнасьць за гэта ўзяла на сябе антыталібская групоўка «Фронт свабоды Афганістану». Там заявілі, што сярод талібаў ёсьць загінулыя, таксама фактычны ўрад Афганістану панёс «фінансавыя страты».

«Фронт свабоды Афганістану» заявіў, што атака на вайсковую частку аэрапорту Кабулу пачалася з запуску некалькіх ракет, пасьля чаго быў нанесены ўдар па пэрсанале талібаў.

Хаця крыніца талібаў пацьвердзіла Радыё Свабода ракетны ўдар па аэрапорце Кабулу, гэтая крыніца не пракамэнтавала адказнасьць «Фронту свабоды Афганістану».

«Фронт свабоды Афганістана» зьвязаў рэйды ў Кабуле зь нядаўнім нападам і заявіў, што двое членаў «Талібану» былі забітыя ў выніку новага нападу на выведвальную машыну «Талібану» ў раёне Калача ў Кабуле 22 кастрычніка. Афганская служба Радыё Свабода не змагла незалежна праверыць гэтую заяву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Талібан» увёў у Афганістане «забарону на фатаздымкі», але яе немагчыма выканаць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы ў Афганістане прыпынілі вакцынацыю дзяцей ад поліяміеліту