ЦВК Малдовы падлічыў 100% галасоў на выбарах і рэфэрэндуме аб эўраінтэграцыі

Мая Санду і Аляксандар Стаяноглу, каляж

Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы абнародавала канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму аб эўраінтэграцыі краіны, якія адбыліся ўчора.

На рэфэрэндуме, які прапанавала прэзыдэнтка Мая Санду, грамадзяне Малдовы адказвалі на пытаньне, ці падтрымліваюць яны папраўку ў Канстытуцыю дзяржавы, якая паставіць мэтай далучэньне Малдовы да Эўразьвязу.

Станоўча на пытаньне рэфэрэндуму адказалі 50,46% выбарнікаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні, адмоўна — 49,54%. Розьніца склала 13 956 галасоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Эўракамісіі фон дэр Ляен: Малдова паказвае, што яна незалежная, моцная і хоча эўрапейскай будучыні

Таксама падлічаныя 100% галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах. За дзейную прэзыдэнтку Маю Санду прагаласавалі 42,45% выбарнікаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні. За яе найбліжэйшага канкурэнта, былога генэральнага пракурора Аляксандра Стаяноглу, — 25,98%.

Абое возьмуць удзел у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў, які адбудзецца 3 лістапада.

Яўка на выбарах склала 51,68%. З удзельнікаў галасаваньня 15,3% склалі малдаване, якія жывуць за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму перамога прыхільнікаў Эўразьвязу ў Малдове ня надта пераканаўчая? Тлумачэньне малдоўскага аналітыка Батнару
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія пэрпэктывы эўрапейскай інтэграцыі Малдовы пасьля рэфэрэндуму, якія завяршыўся з малой перавагай. Аналіз Свабоды