«ПіК Свабоды». Халезін пра прэм’еру ў ЗША і непублічныя перамовы: «Лукашэнка захавае жыцьцё, калі зробіць пэўныя крокі»

Кацярына Сныціна, Мікалай Халезін, Беларускі свабодны тэатар, "KS6: SMALL FORWARD", ілюстрацыйны каляж

З сузаснавальнікам Беларускага свабоданага тэатру Мікалаем Халезіным гаворым пра амэрыканскую прэм’еру спэктакля пра алімпійку Кацярыну Сныціну, а таксама пра тое, што можа стаяць за візытам у Беларусь прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША і заявамі Лукашэнкі пра «перамовы з прадстаўнікамі Захаду».

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Пра прэм’еру ў Нью-Ёрку спэктакля «KS6: SMALL FORWARD»

— 17 спэктакляў у тэатральным клюбе La MaMa ў Нью-Ёрку, пазытыўныя рэцэнзіі ў вядучых амэрыканскіх выданьнях, паездка з Кацярынай Сныцінай у Лос-Анджэлес. Спэктакль «KS6: SMALL FORWARD» на аснове асабістай гісторыі баскетбалісткі Сныцінай пабудаваны як баскетбольны матч — чатыры чвэрці, кожная зь якіх будзе прысьвечаная аднаму з складнікаў жыцьця Кацярыны: станаўленьне ў Беларусі, асабістае жыцьцё, спартовая кар’ера і грамадзкая актыўнасьць. Галоўную ролю выконвае сама Сныціна ў тандэме з польска-брытанскай дыджэйкай Блянкай Барбарай. Як ты ацэньваеш прыход Кацярыны зь вялікага спорту на вялікую сцэну?

— Два месяцы мы рэпэтавалі ў Лёндане, потым перабраліся ў Нью-Ёрк, дзе заканчвалі працу над спэктаклем. Акрамя 17 сыграных спэктакляў, былі яшчэ 3–4 спэктаклі, якія былі «прэвію». Мы абкатвалі, спрабуючы зразумець, што нам яшчэ трэба дадаць, падабраць. У выніку мы выйшлі на прэм’еру і сыгралі. Гэта быў момант адкрыцьця. Адна справа, калі ў цябе падрыхтаваныя акторы выходзяць на сцэну, іншая справа — калі чалавек, для якога гэта ўпершыню, які літаральна тры месяцы назад граў у баскетбол, заканчваў сваю больш як 20-гадовую кар’еру спартоўца... гэта зусім іншая гісторыя. І гэта вельмі адрозьніваецца ад працы над звычайным спэктаклем. Пераход зь вялікага спорту на вялікую сцэну адбыўся грандыёзна. Такога і яна не чакала, я думаю, і мала хто чакаў... Усе 17 спэктакляў людзі ўставалі пры канцы з авацыямі. У людзей сьлёзы на вачах. Я спачатку думаў, што гэта будзе моцна працаваць на беларусаў, якія былі ў залі, што іх гэта будзе даводзіць да сьлёз. Размова ня толькі пра наш 2020 год (Каця пра гэта гаворыць), але размова пра тое, што пражывае чалавек — як памёр яе сабака, як памерла яе бабуля, што яна ў жыцьці ўсьвядоміла празь нейкія моманты. Гэтыя рэчы даводзілі да сьлёз і амэрыканцаў, гэтак жа як і беларусаў...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь вялікага спорту на вялікую сцэну. Халезін і Сныціна раскрылі Свабодзе таямніцы амбітнага тэатральнага праекту. Прэм’ера — у Нью-Ёрку

— Прэм’ера праходзіць у перадвыбарчы пэрыяд, і раней у інтэрвію Свабодзе ты казаў, што вы хочаце «праехаць па амэрыканскіх унівэрсытэтах як гуманітарны беларускі праект, які хоча расказаць, як змагацца з дыктатурай, якая можа ў ЗША наступіць». Як з гэтай часткай?

— Мы адклалі гэта на наступны прыезд. Вядзем цяпер перамовы ў розных гарадах. Нам хочацца сыграць гэты спэктакль менавіта ва ўнівэрсытэтах. Ёсьць момант, які быў сустрэты амэрыканцамі шокам, калі Каця кажа пра тое, што «ўявіце, што Трамп прыйшоў на 30 гадоў і адмяніў выбары». У амэрыканцаў холад прабягае па целу, і разумееш увесь жах сытуацыі... Цяпер унутры Амэрыкі падзел на дзьве часткі, якія паміж сабой ня могуць знайсьці агульную мову. Гэта вельмі сумна. І таму гэты спэктакль пра многае прымусіў думаць амэрыканскую аўдыторыю, у тым ліку таму гэты посьпех і ўзьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што правёў перамовы зь нейкімі «прадстаўнікамі краінаў Захаду»

Пра непублічныя перамовы з Лукашэнкам

— Днямі Менск наведаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША, Лукашэнка заяўляў, што былі «вельмі складаныя, цяжкія, але вельмі цікавыя перамовы з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў». Што за гэтым можа стаяць?

— Гэта размова пра тое, наколькі ён гатовы быць адданым Пуціну. Ці ён усё ж гатовы быць адданым сабе і свайму жыцьцю. На сёньня пытаньне стаіць наступнае: наколькі Лукашэнка усьведамляе сябе часткай «русского мира». Зразумела, што гэта была гульня, гульня ў вайну, у якую ён занадта загуляўся, і цяпер яго жыцьцё залежыць ад Пуціна. Калі ён хоча, каб яго жыцьцё залежала ад беларусаў і ад сусьветнай супольнасьці, то ён павінен зрабіць пэўныя крокі. Калі ён зробіць іх, то, напэўна, захавае жыцьцё сабе і, можа, сваім дзецям. Калі ён гэтага ня зробіць, то яго жыцьцё, жыцьцё яго дзяцей пад вялікім пытаньнем. Таму цяпер гэта яго выбар. Зь ім хочуць размаўляць. Насамрэч размаўляюць зь яго людзьмі практычна кругласутачна, кожны дзень. Пытаньне ў тым, куды ён пойдзе. Мы ў гэтай фазе знаходзімся, калі чакаем ад яго рашэньня. Калі ён захоча пайсьці з Пуціным да канца, тады ён ідзе ў бункер. І з тым ці іншым яго рашэньнем пагодзяцца ўсе. Хай ён цяпер на гэта адказвае тым, хто да яго лётае, хто зь ім размаўляе, хто спрабуе знайсьці зь ім нейкую агульную мову.

Вызваленьне палітвязьняў — гэта частка гэтай размовы, якая ў першую чаргу абмяркоўваецца. Найперш абмяркоўваецца, што гатовы чалавек зрабіць. Калі ён гатовы адпусьціць усіх палітзьняволеных — калі ласка, зь ім будуць размаўляць. І тады ўсе патугі Рыжанкова апраўдаюцца. Так, можа быць і адмена санкцый, усё можа быць у тым выпадку, калі ўсе палітвязьні будуць вызваленыя, калі будзе зьменены фармат адносінаў зь беларускім народам. Калі ты гатовы да гэтага, то табе пойдуць насустрач. Калі ты не гатовы, ніхто ня пойдзе насустрач. Нічога не адбудзецца. Бо 10 чалавек адпускаем, а 20 саджаем — гэты фармат не працуе. Ніхто ў гэта ня верыць. Ніхто ня будзе абмяркоўваць ніякіх адменаў санкцый, нічога, калі так будзе працягвацца.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.