Начныя ўдары Расеі па Ўкраіне: Харкаў, Кіеў, Крывы Рог, Запарожжа. Найбольш пацярпелых — у Харкаве

Расейскі дрон над Кіеўскай вобласьцю 17 кастрычніка 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея ў ноч на 21 кастрычніка атакавала Ўкраіну з тэрыторыі акупаванага Крыму, з паветранай прасторы ў акваторыі Чорнага мора, а таксама з шэрагу расейскіх гарадоў — з Курску, Арла і Прыморска-Ахтарску.

Расейскія войскі запусьцілі па мірных гарадах Украіны 116 бесьпілётнікаў, дзьве авіяцыйныя ракеты і адну балістычную ракету «Іскандэр».

Украінскія сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьнішчыць толькі 59 дронаў у Адэскай, Мікалаеўскай, Херсонскай, Віньніцкай, Хмяльніцкай, Жытомірскай, Кіеўскай, Сумскай, Кіраваградзкай, Чаркаскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай абласьцях. Некалькі дронаў пацэлілі ў цывільную інфраструктуру Ўкраіны.

Яшчэ 45 расейскіх бесьпілётнікаў лякацыйна страцілі.

Як паведамілі ўкраінскія ўлады, у Кіеўскай вобласці аскепкі дрона трапілі ў дах пяціпавярховага дома. Эвакуавалі 43 жыхароў, 15 зь іх спатрэбілася псыхалягічная дапамога.

У Крывым Рогу Днепрапятроўскай вобласьці пашкоджана 12 жылых дамоў, мясцовыя гатэль, палац культуры, банк, крамы і 14 легкавых аўтамабіляў. Улады паведамілі аб 4 пацярпелых, сярод якіх 12-гадовая дзяўчынка.

У Харкаве ў выніку абстрэлу кіраванымі авіябомбамі пашкоджана 11 жылых дамоў, 14 нежылых памяшканьняў і 28 аўтамабіляў. Пацярпелі 13 чалавек.

У Ізюмскім раёне Харкаўскай вобласьці пад заваламі зьнішчанага дома знайшлі целы 71-гадовага мужчыны і 72-гадовай жанчыны. Як паведамілі абласныя ўлады, расейцы працягваюць атакаваць рэгіён і спрабуюць выціснуць украінскіх вайскоўцаў зь іх пазыцый.

У памежнай з Расеяй Сумскай вобласьці зафіксавалі 48 выбухаў у трох раёнах. У выніку ракетнага ўдару ў аб’ект крытычнай інфраструктуры некалькі населеных пунктаў засталіся без электраэнэргіі.

У Запарожжы ў выніку расейскага абстрэлу пацярпелі 7 чалавек. ​

У Адэскай вобласьці расейцы зноў ударылі ў прыпартовую інфраструктуру. Пацярпелых і загінулых няма, але ратавальнікі доўга змагаліся з пажарам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мікалаеве дзясяткі параненых, з Купянска эвакуююць жыхароў. Генштаб УСУ: сытуацыя на фронце складаная

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.