Паводле зьвестак ведамства, больш за ўсё баёў зафіксавана на Курахаўскім напрамку.
У апэратыўна-тактычнай групоўцы ЎСУ «Харкаў» канстатавалі, што сытуацыя на гэтым напрамку застаецца напружанай, піша «Голас Амэрыкі».
Апэратыўна-тактычная групоўка ЎСУ «Луганск» паведаміла, што расейскія войскі прасунуліся ў Тарэцку (Данецкая вобласьць) і абстрэльваюць з артылерыйскіх гармат цэлыя раёны горада. «Сёньня DeepState абнавіў мапу, паказваючы, што ў Тарэцку вораг прасоўваецца. На жаль, павінныя прызнаць, што гэта так. Вораг выкарыстоўвае тактыку: артылерыя, зьнішчаем горад, зьнішчаем раёны. У Тарэцку ўжо няма цэлых раёнаў», — тлумачыць прадстаўнік УСУ.
На Запароскім кірунку сытуацыя застаецца «складанай», расейскія войскі працягваюць штурмаваць ўкраінскія пазыцыі, распавёў сьпікер Сіл абароны поўдня Ўкраіны Уладзіслаў Валошын у эфіры тэлемаратона. У той жа час, паводле яго, «вялікага наступу або якога-небудзь посьпеху супернік у гэтым кірунку ня мае».
Паводле зьвестак Херсонскай абласной адміністрацыі, расейскі беспілётнік нанёс удар па Антонаўцы; 18-гадовы юнак атрымаў раненьні. Два чалавекі пацярпелі ў Берыславе: расейскія вайскоўцы скінулі выбухоўку зь бесьпілётнікаў. У Херсоне расейскі бесьпілётнік атакаваў грамадзянскую машыну: параненая сямідзесяцігадовая жанчына. У прыгарадзе Херсона (Камышаны) цяжка паранены 56-гадовы мужчына.
Колькасьць пацярпелых у выніку расейскага ракетнага ўдару па Мікалаеве 15 кастрычніка вырасла да 23 чалавек, паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталя Кіма.
«Уначы, 15 кастрычніка, вораг атакаваў горад, папярэдне — ракетамі тыпу С-300. Пашкоджаны інфраструктурны аб’ект, рэстаранны комплекс, гандлёвыя павільёны, жылыя дамы і аўтамабілі. Узьніклі пажары, працягваюцца мерапрыемствы па ліквідацыі. У выніку абстрэлу загінула жанчына», — напісаў Кім пасьля атакі ў сваім тэлеграм-канале.
Камандаваньне паветраных сілаў УСУ паведаміла, што войскі РФ выпусьцілі сем ракет С-300/400 па Мікалаеўскай вобласьці і дзьве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59 — па Чарнігаўскай і Сумскай. Паведамляецца таксама аб ужываньні расейскімі войскамі 17 дронаў. 12 зь іх зьбітыя.
У выніку атакі расейскіх войскаў на Нікапальскі раён пацярпелі цяжарная жанчына і 4-гадовы хлопчык. Пасьля атак дронамі-камікадзэ і артылерыяй Нікапаля, Чырвонагрыгор’еўскай і Міроўскай абшчын пашкоджаныя інфраструктура і прадпрыемства, 6 прыватных дамоў, гаспадарчыя збудаваньні і інш, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.
15 кастрычніка ўкраінскія ўлады абвясьцілі абавязковую эвакуацыю цывільных жыхароў з гораду Купянск Харкаўскай вобласьці, а таксама з трох суседніх прыфрантавых раёнаў — вёсак Кандрашоўка, Петрапаўлаўка і Курылаўка. Кіраўнік вайсковай адміністрацыі вобласьці Алег Сінягубаў растлумачыў гэтае рашэньне «пагаршэньнем ваеннай сытуацыі» і тым, што ўлады «ня могуць забясьпечыць правядзеньне ацяпляльнага сэзону, падачу электраэнэргіі, наданьне гуманітарнай дапамогі, бо вораг абстрэльвае крытычную інфраструктуру, аднаўленьне якой зараз немагчымае».
Купянск — буйны чыгуначны вузел ўсходняй Украіны, які знаходзіцца ў 116 кіламетрах ад Харкава. Расейскія войскі захапілі горад амаль адразу пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну — у канцы лютага 2022 года. Увосень таго ж года ЎСУ ўдалося адбіць яго назад. Цяпер расейскае войска зноў спрабуе захапіць Купянск.
Тым часам у Генштабе ЎСУ заявілі, што апэрацыя ў Курскай вобласьці працягваецца. Расейская авіяцыя працягвае наносіць удары па ўласнай тэрыторыі.
Генпракурор Украіны Андрэй Косьцін заявіў у інтэрвію бэльгійскаму выданьню La Libre, што за апошні год узрасла колькасьць пакараньняў сьмерцю акупантамі ўкраінскіх ваеннапалонных. Гэтыя злачынствы зьяўляюцца не адзінкавымі інцыдэнтамі, а мэтанакіраванай палітыкай РФ, дадаў ён.
Форум