Міністры абароны краін G7 падтрымліваюць «незваротны шлях Украіны да поўнай эўраатлянтычнай інтэграцыі, уключаючы сяброўства ў NATO», адзначаецца ў супольнай заяве па выніках сустрэчы кіраўнікоў абаронных ведамстваў краін «Вялікай сямёркі» ў італьянскім Нэапалі.
«Мы пацьвярджаем нашу нязьменную падтрымку свабоды, сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны да таго часу, пакуль гэта неабходна, — гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў, прадстаўленай пасьля заканчэньня сустрэчы. — Мы падкрэсьліваем таксама наш намер працягваць надаваць дапамогу Ўкраіне, уключаючы ваенную, у кароткатэрміновай і доўгатэрміновай пэрспэктыве».
Сёлета ў G7 старшынюе Італія. Таксама ў групу міністраў абароны «вялікай сямёркі» ўваходзяць кіраўнікі вайсковых ведамстваў ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і Японіі. Да перамоваў у Нэапалі таксама далучыліся прадстаўнікі Эўразьвязу, NATO і міністар абароны Ўкраіны.
Па словах міністра абароны Нямеччыны Борыса Пісторыюса, толькі Нямеччына сёлета выдаткуе на ваенную дапамогу Ўкраіне больш за 8 мільярдаў эўра, аднак асноўная мэта палягае ў «забесьпячэньні далейшага разьвіцьця падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў», піша «Голас Амэрыкі».
Пісторыюс паабяцаў, што Ўкраіна зможа скарыстацца абяцаным урадамі краін «Вялікай сямёркі» крэдытам у 50 мільярдаў даляраў, «магчыма, да канца году, але дакладна ў пачатку наступнага году».
Улетку ў Італіі краіны «Вялікай сямёркі» прынялі пакет, які прадугледжвае наданьне Ўкраіне крэдытаў на суму да 50 млрд даляраў (46 млрд эўра), якія фінансуюцца за кошт замарожаных расейскіх актываў. Рашэньне Рады ЭЗ яшчэ павінны зацьвердзіць у рамках фармальнай працэдуры, якая патрабуе сярод іншага згоду Эўрапарлямэнту. Мэтай зьяўляецца перадача крэдыту Ўкраіне ўжо ў 2025 годзе з наступным пагашэньнем на працягу максымальнага пэрыяду ў 45 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Сяброўства ў NATO — альтэрнатыва ядзернай зброі, але Ўкраіна ніколі не казала пра падрыхтоўку да яе стварэньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генсакратар NATO: Украіна стане 33-м або 34-м сябрам Альянсу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кароткатэрміновай пэрспэктыве ўступленьне Ўкраіны ў NATO выглядае фантастыкай, — Андрэй Казакевіч