Прапагандыст Юры Васкрасенскі атрымаў пасаду намесьніка дырэктара ТАА «Новая біятэхналагічная кампанія», вынікае з указу Лукашэнкі, якім ён надзяліў камісію па вяртаньні пры Генпракуратуры новымі паўнамоцтвамі, заўважыла выданьне Reform.news.
Ва ўказе, апублікаваным 19 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, ня толькі пашыраюцца паўнамоцтвы камісіі, але мяняецца яе склад, а таксама пасады ўдзельнікаў. Цяпер у «камісію па памілаваньні» замест былога кіраўніка МЗС Сяргея Алейніка ўключаны цяперашні Максім Рыжанкоў, а замест намесьніка дырэктара Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Віктара Франскевіча — дырэктар ДФР Андрэй Самбук.
У дакумэнце, сярод іншага, указаная новая пасада Юрыя Васкрасенскага: раней ён прадстаўляўся ў дакумэнце як дырэктар інфармацыйна-аналітычнай установы «Круглы стол дэмакратычных сіл», цяпер — як намесьнік дырэктара таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Новая біятэхналягічная кампанія».
Як заўважыла выданьне, у ТАА «Новая біятэхналягічная кампанія», дзе цяпер працуе Васкрасенскі, ёсьць ліцэнзіі на вытворчасьць алькагольнай нехарчовай сьпіртазмяшчальнай прадукцыі, нехарчовага этылавага сьпірту і віскавых і каньячных дыстылятаў, а таксама на аптовы гандаль нехарчовай сьпіртазмяшчальнай прадукцыяй і нехарчовым этылавым сьпіртам.
Кампанію зарэгістравалі ў ліпені 2021 году. Цяпер ёй валодаюць Дзьмітрый Саханчук (45%), Васіль Варфаламееў (22,5%) і Міхаіл Стаянаў (22,5%). Стаянаў таксама пазначаны як дырэктар фірмы. З 12 студзеня 2022 году ў складзе заснавальнікаў быў і Андрэй Карповіч (10%), але 20 чэрвеня 2024 году яго долю выкупіла сама ТАА «Новая біятэхналягічная кампанія».
«Трэба сказаць, што ўсё гэта ня простыя людзі. Ну ці гэта іх поўныя цёзкі», — адзначае выданьне. Паводле зьвестак Reform.news, Андрэй Карповіч — гэта правая рука Дзьмітрыя Лукашэнкі па «Прэзыдэнцкім спартовым клюбе», якраз зь ягоным прыходам ТАА атрымала ліцэнзіі.
Пра Варфаламеева Васіля Васільевіча (менавіта так ён запісаны ў АДР) выданьню знайсьці нічога не ўдалося, але ў Беларусі добра ведаюць саўладальніка «Гіпа», «Белмаркета», «Эліз» і іншых кампаній Варфаламеева Васіля Васільевіча. У лютым 2024 году СМІ пісалі, што яго нібыта арыштавалі і трымалі ў СІЗА, а ў траўні вызвалілі.
Поўны цёзка Дзьмітрыя Саханчука быў з 2013 году (і, магчыма, застаецца) камэрцыйным дырэктарам ТАА «Грынойл».
Дырэктар Міхаіл Стаянаў (або ягоны поўны цёзка), як сьцьвярджае выданьне, вядомы як спэцыяліст па перамовах і вываду сродкаў за мяжу.
Юры Васкрасенскі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году быў затрыманы паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў, заключаны ў СІЗА КДБ. Пасьля датэрміновага вызваленьня заявіў, што Аляксандар Лукашэнка даручыў яму распрацаваць папраўкі ў Канстытуцыю. Васкрасенскі — заснавальнік і кіраўнік так званага «Круглага стала дэмакратычных сіл», марыянетачнай арганізацыі, якая выкарыстоўваецца для імітацыі палітычнага дыялёгу рэжыму Лукашэнкі з грамадзянамі Беларусі. У апошні час Васкрасенскі выступае як пасярэднік, які нібыта дапамагае вызваляць палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люстэрка»: Як Юры Васкрасенскі ўгаворвае сваякоў палітвязьняў