Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, Коўшык узначальвае гэтую групу, створаную ў рамках стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Прадстаўніца кабінэту выказала меркаваньне, што крэатыўны актывізм і нестандартныя формы пратэсту «менш відавочныя для рэжыму», таму «зьніжаюць рызыкі для тых, хто іх практыкуе». Разам з тым яны прыцягваюць увагу міжнароднай супольнасьці («праз мастацтва можна расказаць сьвету пра беларускія праблемы»), падтрымліваюць нацыянальную ідэнтычнасьць («беларускія творцы захоўваюць культуру і традыцыі ў несвабодных умовах»), падштурхоўваюць да сацыяльных і палітычных зьмен («дазваляюць эфэктыўна супрацьстаяць рэпрэсіям і мабілізаваць людзей»), а таксама яднаюць розныя сацыяльныя групы, «прапаноўваючы плятформу для агульнай справы».
«Супрацоўніцтва паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі можа спрыяць падтрымцы гэтых ініцыятыў і забясьпечыць больш шырокую прысутнасьць беларускай тэматыкі на міжнароднай арэне», — лічыць Коўшык.
- Першы раўнд стратэгічнага дыялёгу ЗША зь беларускім дэмакратычным рухам адбыўся 6–8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне. Стратэгічны дыялёг — пляцоўка для падтрыманьня сталых стасункаў дэмакратычных сілаў Беларусі з урадам ЗША. Чакаецца, што сэсіі будуць ладзіцца штогод.
- Сёлета 4–5 красавіка ў Вашынгтоне ўдзельнікі першых пасяджэньняў працоўных груп у рамках стратэгічнага дыялёгу абмеркавалі парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, шляхі вызваленьня палітвязьняў, дзейнасьць дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасьці.