Нацыянальная выведвальная служба Паўднёвай Карэі заявіла аб адпраўцы 12 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну. Пра гэта паведамляе агенцтва «Ёнхап».
Як сьцьвярджаецца, Пхэньян ужо прыняў такое рашэньне, а перадысьлякацыя войскаў ужо пачалася. Сярод накіроўваных вайскоўцаў ёсьць чатыры брыгады спэцпрызначэньня, сьцьвярджаецца ў публікацыі.
У выпадку пацьверджаньня інфармацыі гэта можа стаць першым у гісторыі маштабным разгортваньнем войскаў КНДР за межамі карэйскага паўвострава. Падразьдзяленьні паўночнакарэйскага спэцназу ў 70-я–80-я ўдзельнічалі ў грамадзянскай вайне ў Анголе.
Раней аб магчымым удзеле паўночнакарэйскіх вайскоўцаў ва ўварваньні ва Ўкраіну заяўляў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Прадстаўнік паўднёвакарэйскага Міністэрства абароны ў чацьвер не пацьвярджаў гэтых зьвестак, у інтэрвію «Ёнхап» ён паведаміў, што КНДР магла накіраваць Расеі цывільны пэрсанал.
КНДР адкрыта падтрымлівае Маскву ў яе вайне ва Ўкраіне і прызнае анэксаваныя тэрыторыі Ўкраіны часткай Расеі. У чэрвені Масква і Пхэньян падпісалі дамову аб стратэгічным партнэрстве, якая прадугледжвае, акрамя іншага, узаемную ваенную падтрымку ў выпадку агрэсіі трэцяй краіны.
Паўночная Карэя пастаўляе Расеі артылерыйскія снарады і ракеты. Паведамлялася таксама пра магчымыя пастаўкі вайсковай формы ды іншых відаў амуніцыі і рыштунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя падарвала частку дарог на мяжы з Паўднёвай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі не ўключыў Беларусь у «вось зла», — украінскі экспэрт Тышкевіч