У той жа час найвышэйшы палітычны орган ЭЗ выказаў сур’ёзную заклапочанасьць дзеяньнямі грузінскага ўраду, якія супярэчаць фундамэнтальным каштоўнасьцям і прынцыпам, на якіх заснавана аб’яднаньне.
У апублікаваным па выніках саміту дакумэнце Рада нагадала, што такія дзеяньні ставяць пад пагрозу эўрапейскі шлях Грузіі і «фактычна прыпынілі працэс яе далучэньня да ЭЗ». Яна заклікала Грузію да правядзеньня «дэмакратычных, усёабдымных і ўстойлівых рэформаў у адпаведнасьці з асноўнымі прынцыпамі эўрапейскай інтэграцыі».
«Эўрапейская рада будзе працягваць уважліва сачыць за сытуацыяй у краіне, — сказана ў дакумэнце, — і чакае, што маючыя адбыцца парлямэнцкія выбары ў Грузіі будуць свабоднымі і справядлівымі, адпавядаць міжнародным стандартам і мець бесьперашкодны доступ для міжнародных і айчынных назіральнікаў». Рада падкрэсьліла неабходнасьць абароны свабодных, незалежных і плюралістычных СМІ.
Эўрапейская рада таксама пацьвердзіла непахісную падтрымку Эўрапейскім зьвязам сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі ў яе міжнародна прызнаных межах. Яна падкрэсьлівае рашучасьць ЭЗ да мірнага вырашэньня канфліктаў.
Вышэйшы орган Эўрапейскага зьвязу, Эўрапейская рада, якім кіруе Шарль Мішэль, аб’ядноўвае кіраўнікоў дзяржаў — сяброў Эўрапейскага зьвязу і прэзыдэнта Эўрапейскай камісіі. Выснова, апублікаваная 17 кастрычніка, ахоплівае розныя пытаньні і краіны, у тым ліку вайну ва Ўкраіне і сытуацыю на Блізкім Усходзе.
Эўрапейскі Звяз ужо некалькі месяцаў крытычна ацэньвае дзеяньні ўраду дзяржавы — кандыдата на сяброўства, Грузіі, і заклікае яе да вяртаньня на эўрапейскі шлях.
Пасьля прыняцьця Грузіяй закону аб «іншаземных агентах» Эўрапейскі зьвяз прыпыніў працэс інтэграцыі Грузіі, фінансавую дапамогу ўраду, а таксама адмовіўся ад сустрэч з чальцамі ўраду Грузіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі тры тэлеканалы аштрафавалі за адмову паказваць ролік кіруючай партыі з кадрамі з Украіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін пашырыў бязьвізавы рэжым для грамадзян Грузіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд Грузіі адмовіўся прыпыняць дзеяньне закона аб «іншаземных агентах»