«Камуніст — забойца!». Як жыхары Слуцку празь недавер да ўладаў спалілі будынак суду разам з судзьдзёй

Бунт у Слуцку. Каляж

У 1967 годзе ў Слуцку адбыўся бунт супраць савецкай улады, у выніку якога загінулі судзьдзя і міліцыянт. Сярод яго ўдзельнікаў былі дзеці, а таксама члены КПСС. Публікуем малавядомыя фота тых часоў, дакумэнты, а таксама ўспаміны ўнучкі чалавека, якога случане патрабавалі выдаць ім для самасуду.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году беларускія ўлады выціснулі з краіны ці адправілі за краты вялікую колькасьць тых грамадзян, хто адкрыта выказваў сваю незадаволенасьць іх дзеяньнямі і палітычным рэжымам. Публічныя пратэсты зьвяліся да адзінкавых адчайных акцый. Зьяўляюцца новыя іх формы ў выглядзе праяваў салідарнасьці з роднымі рэпрэсаваных ці паглыбленьня ў вывучэньне беларускай мовы і гісторыі. Свабода пачынае цыкль публікацый, прысьвечаных таму, як беларусы пратэставалі ў часы СССР. Першая зь іх — пра марш гіпі ў Горадні, які прайшоў у жніўні 1971 году.

Сёньня мы расказваем аб тым, да чаго ў 1967 годзе прывёў недавер да савецкай судовай сыстэмы падчас разгляду крымінальнай справы з удзелам чыноўніка Слуцкага райвыканкаму.

Цела каля фантана

9 красавіка 1967 году ля фантана ў слуцкім гарадзкім парку знайшлі цела маладога мужчыны. Гэта быў Аляксандар Нікалаеўскі, муляр рамонтна-будаўнічага ўпраўленьня № 4 Слуцку. Мужчыну знайшлі распранутым, на ім засталіся толькі споднікі і шкарпэткі.

Генадзь Гапановіч. Фота kurjer.info

Па факце сьмерці Нікалаеўскага завялі крымінальную справу, сьледзтва неўзабаве выйшла на двух падазраваных — 28-гадовага Генадзя Гапановіча і ягонага сваяка, 25-гадовага Леаніда Сыцько. Напярэдадні ў іх зь Нікалаеўскім здарыўся канфлікт. Той нападпітку зайшоў у пад’езд дома па вуліцы Леніна, дзе жыў Гапановіч. Паводле матэрыялаў справы, Сыцько і Гапановіч былі таксама выпіўшы, яны пабілі Нікалаеўскага і спусьцілі яго са сходаў. Мёртвае цела апошняга знайшлі ў парку непадалёк назаўтра пасьля канфлікту.

Рэзанансу справе надало тое, што Гапановіч быў чыноўнікам, загадчыкам аддзела культуры Слуцкага райвыканкаму. Ягоны сваяк Сыцько працаваў простым рабочым на цукровым заводзе.

Пачатак разгляду рэзананснай справы прызначылі на 10 кастрычніка 1967 году ў Слуцкім народным судзе, кіраваў працэсам судзьдзя Аляксандар Крыскевіч.

У Слуцку на той момант жылі каля 30 тысяч чалавек. Драўляны будынак суду на вуліцы Валадарскага (цяпер Багдановіча) быў даволі невялікім, яго пабудавалі немцы падчас акупацыі, пісаў kurjer.info. Заля не магла зьмясьціць усіх, хто хацеў прысутнічаць на працэсе, туды ўвайшло каля 70 чалавек. Праваахоўнікі зьвярнуліся да гарадзкіх уладаў, каб на працэс выдзелілі большае памяшканьне, у Доме культуры. Але тыя адмовілі, патлумачыўшы рашэньне нязначнасьцю справы.

10 кастрычніка і ў наступныя дні случакі зьбіраліся і чакалі навінаў пад будынкам суду, перадавалі адно аднаму плёткі. Афіцыйнай інфармацыі аб ходзе працэсу было мала, ён не асьвятляўся ў СМІ. Фігурантаў справы судзілі за «хуліганства». Людзей непакоіла тое, што чыноўніка Гапановіча і ягонага сваяка Сыцько асудзяць занадта мякка, патрабавалі перакваліфікацыі артыкула на больш цяжкі і максымальна жорсткага пакараньня для фігурантаў. Гучалі нават прапановы выдаць Гапановіча людзям на самасуд.

Людзі ідуць на суд над Генадзем Гапановічам і Леанідам Сыцько, кастрычнік 1967 году. Фота kurjer.info

Таксама з пачаткам працэсу па Слуцку папаўзьлі чуткі, быццам бацька Гапановіча быў паліцаем, а бацька Нікалаеўскага — партызанам, што і стала сапраўднай прычынай канфлікту. Аднак гэта было ня так. Бацька Генадзя Аляксей Гапановіч з пачаткам Другой усясьветнай вайны трапіў у тыл, у Тулу, і жыў там да 1944 году. Потым ён вярнуўся ў Слуцак, працаваў дырэктарам аднаго са слуцкіх заводаў.

Случчане стаяць пад судом, кастрычнік 1967 году. Фота kurjer.info

Бацька загінулага Нікалаеўскага на пачатку працэсу заявіў адвод суду, але суд яго не прыняў. Тады прадстаўнік пацярпелага пакінуў судовую залю. На другі дзень на працэс прыйшла жонка абвінавачанага Гапановіча. Людзі пачалі яе абражаць. Жанчына зачарпнула жменю пяску і сыпанула яго ім у вочы.

Сьмерць судзьдзі і міліцыянта

Трагедыя здарылася на трэці дзень працэсу, 12 кастрычніка 1967 году. Абвінавачаных ранкам прывезьлі да будынку суду не на аўтазаку, а на машыне «хуткай дапамогі», што вельмі абурыла прысутных там случчан. Прычынай замены транспарту стала тое, што адзін з арыштантаў слуцкага СІЗА ўскрыў сабе вены і яго на аўтазаку тэрмінова павезьлі ў Менск. Адзіным спэцтранспартам, які заставаўся ў горадзе, была акурат машына «хуткай».

Паводле сьведчаньняў відавочцаў, удзень 12 кастрычніка каля суду сабраліся прыкладна тры тысячы чалавек, амаль кожны дзясяты жыхар Слуцку. Пад будынак таксама прыехаў пракурор раёну і міліцэйскі начальнік. Працэс вырашылі скончыць раней, каля 15-й гадзіны, а абвінавачаных не выводзілі з будынку, баючыся натоўпу.

У Слуцкім райвыканкаме тэрмінова сабралі кіраўнікоў горада, прадпрыемстваў, мясцовых актывістаў. Улады вырашалі, як можна супакоіць гараджан. Каля 17-й гадзіны да пратэстоўцаў сталі далучацца рабочыя, якія ішлі з працы. Людзі разабралі плот і брукаванку, сталі кідаць у будынак суду камяні і штыкеціны. Спынялі грузавікі з буракамі і бульбай, закідвалі суд агароднінай. Прысутныя скандавалі: «Камуніст — забойца!», «Выдайце нам душагуба!»

Людзі сабраліся пад будынкам суду, дзе разглядалі справу Гапановіча і Сыцько. Фота kurjer.info

Каля 19-й гадзіны зь Менску ў Слуцак прыехаў генэрал Родзін з Міністэрства аховы грамадзкага парадку, разам зь ім у горад увайшло падразьдзяленьне ўнутраных войскаў колькасьцю 350 чалавек. Але сілавікі былі бяз зброі, іх хапіла толькі для ачапленьня будынку суду. Калі сьцямнела, нехта з натоўпу кінуў у будынак «кактэйль Молатава». Аднак агонь хутка зьбілі вогнетушыцелямі. Сілавікі фіксавалі дзеяньні людзей на кінастужку. Потым яе паказвалі на партыйных сходах.

Каля 21-й гадзіны натоўп зноў паспрабаваў прарваць ачапленьне сілавікоў. Тыя ў адказ упершыню ў пасьляваеннай БССР вырашылі прымяніць сьлезацечны газ «Чаромха». У гэты момант кіроўца аўтазака Аляксей Сяменчанка скарыстаўся замяшаньнем людзей і здолеў вывезьці абвінавачаных Гапановіча і Сыцько з тэрыторыі суду, прабіўшы машынай плот. Пратэстоўцы ў гэты час закідвалі аўтамабіль камянямі. Разьбілі ўсе вокны, паранілі кіроўцу, выбіўшы яму зубы і паламаўшы рэбры. Хоць абвінавачаных у будынку ўжо не было, пра гэта мала хто ведаў. Пачаліся сутычкі зь міліцыяй, былі параненыя дзясяткі сілавікоў. Машыну «хуткай дапамогі» з параненымі спрабавалі перакуліць.

Двое рабочых, Мікалай Грынюк і Іван Папоў, налілі паліва ў бутэлькі і падпалілі будынак суду. Адзін з прысутных сьпяваў: «Гори, гори, костёр, ярче». Натоўп не падпускаў да будынку пажарныя машыны, адну зь іх таранілі брусам, кіроўца моцна пацярпеў.

Пажар у будынку Слуцкага народнага суду, 12 кастрычніка 1967 году. Фота kurjer.info

У момант пажару на другім паверсе будынку заставаліся судзьдзя Галіна Аляксеева і трое мужчын-міліцыянтаў. Міліцыянты выскачылі з акна, а судзьдзя загінула. У той дзень Аляксеева, якая працавала ў іншым раёне, была ў Слуцку выпадкова: яна прыехала ў горад, каб перадаць матэрыялы іншай справы.

Аднаго зь міліцыянтаў, начальніка камэры папярэдняга затрыманьня Станіслава Татура, пратэстоўцы моцна пабілі. Ён памёр па дарозе ў шпіталь. Татур быў вонкава падобны да абвінавачанага Гапановіча, што магло стаць дадатковай прычынай агрэсіі. Паводле іншай вэрсіі, Татур атрымаў цяжкія траўмы, калі выскачыў з вакна.

Пажар у будынку Слуцкага народнага суду, 12 кастрычніка 1967 году. Фота kurjer.info

За падзеі вечара 12 кастрычніка пакаралі каля 70 чалавек. Сярод іх былі падлеткі і дзеці (самаму малодшаму — 10 гадоў), пэнсіянэры, а таксама члены КПСС. Завялі крымінальную справу, у якой асудзілі 16 чалавек. Дваіх, Грынюка і Папова, прыгаварылі да расстрэлу. Іншыя атрымалі ад 5 да 15 гадоў зьняволеньня.

Пасьля гэтай трагедыі начальніка міліцыі і пракурора Слуцку звольнілі з пасадаў. Некалькі партыйных і савецкіх работнікаў атрымалі вымовы.

Непрызнаньне віны

Гапановіча і Сыцько працягвалі судзіць, але ўжо ня ў Слуцку, а ў Менскім абласным судзе. Ім далі па 10 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Рэзалюцыйная частка прысуду Гапановічу і Сыцько. Фота з архіву Аліны Нагорнай.

Асуджаныя адсядзелі па 3,5 года кожны. Гапановіч адбываў тэрмін у Воршы. Пасьля яго накіравалі на будоўлі ў Дзяржынск, дзе ён адпрацаваў амаль 5 гадоў.

У Дзяржынск ён запрашаў і жонку, але яна адмовілася і разьвялася зь ім. Пасьля адпрацоўкі з Гапановіча зьнялі абмежаваньні. Ён ажаніўся другі раз, пераехаў жыць у Баранавічы.

Даведка аб датэрміновым вызваленьні Генадзя Гапановіча. Фота з архіву Аліны Нагорнай.

Даведка пра зьняцьцё абмежаваньняў з Генадзя Гапановіча. Фота з архіву Аліны Нагорнай.

Сыцько неўзабаве пасьля вызваленьня пераехаў у Казахстан. Больш фігуранты той справы не кантактавалі.

Пра падрабязнасьці справы і жыцьця Генадзя Гапановіча у размове са Свабодай расказала праваабаронца і аўтарка кніг Аліна Нагорная, ён быў ейным дзедам. Пра падзеі 1967 году Аліна даведалася ўжо пасьля сьмерці дзеда.

Паводле Аліны Нагорнай, у сям’і Генадзя Гапановіча ніколі не лічылі яго вінаватым у тым забойстве. Ён сам таксама не прызнаў сваёй віны. Захавалася скарга Генадзя Гапановіча на прысуд. Там ён зьвяртаў увагу, што абвінавачваньне выстаўленае на падставе дапушчэньня, а прамых доказаў ягонай віны не было.

Генадзь Гапановіч у маладосьці. Фота з архіву Аліны Нагорнай

Як расказвае Аліна Нагорная, за дзень да сьмерці Аляксандра Нікалаеўскага іх сям’я сабралася перад памінкамі па памерлым блізкім. Была субота, за сталом выпівалі. Унучка адзначае, што дзед не злоўжываў алькаголем, выпіваў рэдка, меў падвышаны ціск. У кватэры Гапановіча знаходзіўся таксама ягоны сваяк Леанід Сыцько з жонкай. Тыя пасварыліся, і жанчына выйшла з кватэры.

«Яна ўбачыла, што нехта спраўляе малую патрэбу ім на дзьверы. Дзед выйшаў і пхнуў яго ўніз па лесьвіцы», — расказвае Аліна.

Ад штуршка мужчына ўпаў. Гэта быў Аляксандар Нікалаеўскі. Адна зь непаўналетніх сьведак пасьля расказала ў судзе, што Гапановіч узяў Нікалаеўскага за руку і сьцягнуў са сходаў, пры гэтым галава апошняга білася аб прыступкі. Сыцько прызнаўся ў судзе, што некалькі разоў ударыў Нікалаеўскага ў галаву. Па словах яшчэ адной сьведкі, прыбіральніцы, у пад’едзе яна пасьля бачыла сьляды крыві на сьцяне і дзьвярах. А таксама лужыны крыві на падлозе.

З аповедаў сваякоў Аліна Нагорная ведае, што Гапановіч і Сыцько сапраўды вывелі Нікалаеўскага з пад’езда. У сваёй скарзе на прысуд Гапановіч адзначыў, што Нікалаеўскі пасьля канфлікту «ўцёк і пералез праз агароджу ў Слуцкі гарадзкі парк». Гэта было каля 20-й гадзіны вечара.

Са словаў унучкі, пасьля гэтага інцыдэнту ейны дзед, які таксама ўзначальваў народную дружыну, пазваніў праваахоўнікам і расказаў пра гэты выпадак. Аднак 13 красавіка сам стаў падазраваным у справе аб сьмерці рабочага Нікалаеўскага.

У сваёй скарзе на прысуд Гапановіч адзначыў, што сьмерць загінулага, паводле заключэньня экспэртаў, наступіла ў 6:30–7:00 наступнага дня пасьля канфлікту ў ягоным доме. Такім чынам, прайшло каля 11 гадзінаў.

Скарга Гапановіча на прысуд

На целе Нікалаеўскага выявілі шматлікія пашкоджаньні, якія маглі стаць наступствам барацьбы. Адно зь іх — пашкоджаньне шыйнага аддзела хрыбетніка, што і выклікала сьмерць. Побач зь целам ляжала штыкеціна, вырваная з плота, з плямамі крыві. Таксама побач зь нябожчыкам былі ваніты. Гапановіч дапускаў, што сьмерць магла наступіць ад удару штыкецінай, а не ад таго, што Нікалаеўскі паламаў шыйную хрыбетку, калі падаў у пад’езьдзе.

Малады Генадзь Гапановіч. Фота з архіву Аліны Нагорнай.

Сьляды на руках як магчымае наступства барацьбы з кімсьці зьявіліся за некалькі гадзін да сьмерці мужчыны, адзначаў Гапановіч у скарзе са спасылкай на іншыя матэрыялы справы. Непаўналетнія сьведкі, якія давалі паказаньні ў судзе на Гапановіча і Сыцько, расказалі, што ў пад’езьдзе паміж Гапановічам, Сыцько і Нікалаеўскім бойкі не было.

Яшчэ адным аргумэнтам на карысьць таго, што да сьмерці Нікалаеўскага спрычыніліся трэція невядомыя асобы, можа быць тое, што нябожчыка распранулі, лічаць родныя Гапановіча.

«Навошта дзеду патрэбна было распранаць пацярпелага? У яго было шмат вопраткі, ён меў грошы… Я думаю, Нікалаеўскі на кагосьці натрапіў у парку. Убачылі, што можна, што чалавек п’яны», — разважае Аліна.

Нагорная расказвае, што пасьля інцыдэнту «разбор пачаўся ў неадэкватным маштабе».

«Сьледчыя ўскрывалі каналізацыю ў гарвыканкаме, каб знайсьці дзедаву зброю. Ператрэсьлі ягоны тэатральны рэквізіт, тэатральныя пісталеты, казалі, што гэта сапраўдныя», — расказвае яна тое, што чула ад сьведак падзей.

Дома ў Генадзя Гапановіча сапраўды знайшлі незарэгістраваны пісталет. Яго судзілі таксама за незаконнае захоўваньне зброі. Аліна мяркуе, што на тое, як расьсьледавалі справу, паўплывала «палітычна матываванае жаданьне „закапаць“ дзеда».

«Бо ён у такім маладым узросьце шмат меў у пляне пасадаў. Быў харызматычным. У яго былі палітычныя амбіцыі заняць пасаду ў Міністэрстве культуры. За месяц да гэтага яго хацелі зрабіць дырэктарам абласнога дома народнай творчасьці. Яго жыцьцё ішло ўгору. І тут вось такая падзея», — расказвае суразмоўца.

Разварот працоўнай кніжкі Гапановіча. Фота з архіву Аліны Нагорнай

Гапановіч у 28 гадоў быў таксама дэпутатам мясцовага савету, загадчыкам аддзела культуры. Ён іграў і рэжысаваў у слуцкім тэатры. Унучка мяркуе, што посьпехам маладога чыноўніка і дзеяча зайздросьцілі іншыя.

Генадзь Гапановіч выступае. Фота з архіву Аліны Нагорнай

«Ён „выбіў“ праект бібліятэкі — вялікі будынак, які дагэтуль стаіць. Гэта было амаль немагчыма для Слуцку, бо гэта быў праект для абласных гарадоў. Ён дамогся, каб у Слуцку зрабілі ўваход у парк з калёнамі. Ён быў вядомы і прыгожы. Атрымліваў пасаду за пасадай. Быў таленавітым, разьбіраўся ў музыцы, тэатры, усім, што тычыцца творчасьці. Чалавек быў на сваім месцы», — кажа ўнучка абвінавачанага.

«Масавае вар’яцтва»

Аліна мяркуе, што пратэст случакоў выклікала ў вялікай ступені адсутнасьць інфармацыі.

«Чалавек вядомы. Ніхто нічога ня кажа… Чыноўнікі не прывыклі нешта людзям тлумачыць. Такая сытуацыя стварылася, трэба зь яе неяк вырульваць. Усе разумеюць, што ён невінаваты, але „ідзі пасядзі, каб людзі пытаньняў не задавалі“», — разважае суразмоўца.

Людзі глядзяць на парэшткі Слуцкага народнага суду пасьля пажару, кастрычнік 1967. Фота kurjer.info

На думку ўнучкі Генадзя Гапановіча, у натоўпе былі правакатары, якія настройвалі людзей супраць ейнага дзеда.

«„Вось забойца, а яго тут апраўдваюць…“ Людзі ўзьюшыліся проста. Было масавае вар’яцтва. Іх пад’юджвалі», — кажа яна.

Генадзь Гапановіч пасьля зьняволеньня. Фота з архіва Аліны Нагорнай

Па словах Аліны, у сям’і расказваюць, што ўвесь Слуцак прысутнічаў на тым судзе.

«Такое адчуваньне, што людзі схадзілі ў тэатар і разышліся», — мяркуе яна.

Навіна пра спалены слуцкі суд у тую ж ноч трапіла на амэрыканскае радыё, дадае Аліна.

Суразмоўца ведае са словаў сваякоў, што калі справу працягнулі разглядаць у Менску, то дзеду паабяцалі, што ён доўга сядзець ня будзе.

«Калі быў суд, дзеда папярэдзілі: „Мы дамо табе 10 гадоў, але ты адсядзіш 3-4 гады. Закрый рот, і ты адсядзіш мала“. Калі б яны ведалі, што гэта было забойства, то яго б не адпусьцілі раней», — называе яшчэ адзін аргумэнт на карысьць невінаватасьці дзеда Аліна.

«Адзіны чалавек, ад якога я чула беларускую мову»

Калі Генадзь Гапановіч выйшаў на волю і пераехаў жыць у Баранавічы, то працаваў мастаком на абутковай фабрыцы і вартаўніком у бібліятэцы. Ён працягваў і творчую дзейнасьць. Стварыў у горадзе літаратурны клюб. Туды прыяжджаў у тым ліку Ніл Гілевіч. Гапановіч пісаў вершы, іх друкавалі ў часопісах і газэтах. Яго клікалі гарадзкія ўлады выступаць на розных імпрэзах, «бо ён добра гаварыў».

«Дзед проста перажыў гэта і жыў далей», — кажа Аліна.

На сустрэчы зь Нілам Гілевічам. Генадзь Гапановіч зьлева. Фота зь сямейнага архіву Аліны Нагорнай

Гапановіч, які паходзіў зь вёскі Сярэднікі пад Слуцкам, гаварыў па-беларуску або «па-простаму». У той час іншыя сямейнікі размаўлялі на расейскай мове.

«Ён быў адзіны жывы чалавек, ад якога я ў дзяцінстве чула беларускую мову», — кажа Аліна.

Яна ўспамінае яго як добрага чалавека.

«Ня памятаю, каб ён казаў нешта кепскае, сварыўся, гаварыў пра страх або нянавісьць. Наадварот, ён быў мяккім чалавекам, усьміхаўся. Казаў: „Алінка, зеленавокая дзяўчынка“. Ягоны вобраз, як ён прадстаўлены ў Вікіпэдыі, не супастаўляецца ў маёй галаве з чалавекам, якога я памятаю. Для мяне ён творчы чалавек, а не забойца», — кажа суразмоўца.

Генадзь Гапановіч у цэнтры

Генадзь Гапановіч пахаваны ў роднай вёсцы пад Слуцкам. Надпіс на ягоным помніку на беларускай мове.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта было неймаверна дзёрзка». Расказваем, як прайшоў марш гіпі ў Горадні ў часы Брэжнева