У межах працы дзеля вяртаньня беларускіх каштоўнасьцяў на радзіму ініцыятыва Maldzis выкупіла Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году (Трэці Статут), выдадзены ў Вільні ў 1693 годзе ўжо на польскай мове. Статут ВКЛ 1588 году — самае важнае выданьне, надрукаванае ў Вялікім Княстве Літоўскім за ўсе часы яго існаваньня, і адзін з самых дасканалых прававых дакумэнтаў у тагачасным сьвеце.
Павал Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы, падкрэсьліў, што Трэці Статут ВКЛ — помнік беларускай прававой культуры, у якім можна ўбачыць ідэю ўсталяваньня прававой дзяржавы і першы крок да яе.
«Статут абараняў незалежнасьць ВКЛ, і ў ім была рэалізаваная агульнапрынятая сёньня ідэя падзелу ўлады на тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Статут дзейнічаў больш як 250 гадоў, перажыў падзелы Рэчы Паспалітай і зьнікненьне ВКЛ у выніку ўключэньня беларускіх земляў у склад Расейскай імпэрыі. Для параўнаньня, найстарэйшая ў сьвеце Канстытуцыя ЗША толькі набліжаецца да свайго 240-гадовага ўзросту».
Здабыты старадрук знойдзены ў антыкварнай краме ў Калішы (Польшча) і куплены на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў Сяргея Казлоўскага, Рамана Андрыянава, Філіпа Дайнэкі і Дар’і Сьліж. Неўзабаве ён будзе выстаўляцца на адмысловых мерапрыемствах па-за Беларусьсю, але празь некаторы час яго перададуць у першую сталіцу ВКЛ, у Наваградак, у мясцовы гісторыка-краязнаўчы музэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Ці былі Статуты ВКЛ сапраўднымі канстытуцыямі?Набыты Статут выйшаў у сьвет у друкарні Віленскай акадэміі езуітаў у 1693-м паводле рэдакцыі 1648 году, створанай у Варшаве. Асаблівасьцю гэтага выданьня зьяўляецца ўключэньне ў яго прававых актаў, якія былі прынятыя ў Рэчы Паспалітай да 1690 году.
Выданьне 1693 году маецца ў шэрагу буйных бібліятэк і музэяў сьвету, у тым ліку і ў Беларусі. Яно ёсьць, у прыватнасці, у Нацыянальнай бібліятэцы, Цэнтральнай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама ў Полацкім музэі беларускага кнігадрукаваньня.
Арыгінальны Статут ВКЛ 1588 году быў напісаны на «рускай» мове, як у старыя часы называлі беларускую. Першы польскі пераклад зьявіўся толькі праз чвэрць стагодзьдзя. Прывілей польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы 28 студзеня 1588 году зацьвярджаў Статут і патрабаваў стварыць польскі пераклад, але ў выніку такі пераклад зрабілі нашмат пазьней і арыгінал Статуту выйшаў у віленскай друкарні братоў Мамонічаў выключна па-беларуску.
Тады ж дзяржаўны канцлер Леў Сапега, які адказваў за Статут, прамовіў сваю знакамітую фразу «не замежнаю моваю, а сваёю ўласнаю правы пісаныя маем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе»: Статут ВКЛ напісаны на мове продкаў беларусаў і ўкраінцаў — Віктар КорбутРыгор Астапеня, апякун ініцыятывы Maldzis, адзначыў, што Статут ВКЛ быў узорам для іншых дзяржаў, у прыватнасьці Расеі і Прусіі, якія выкарыстоўвалі яго пры распрацоўваньні свайго права.
«Да распрацоўкі Статуту спрычыніліся славутыя беларускія дзяржаўныя дзеячы і дыпляматы Астафей Валовіч і Леў Сапега. Падобныя вяртаньні, як набыцьцё Статуту, паказваюць, што іх праца шануецца нашчадкамі і зьяўляецца істотным элемэнтам сёньняшняй ідэнтычнасьці беларусаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выява Фары Вітаўта за 320 эўра. Як краязнаўца набывае старыя фатаграфіі зь БеларусіІніцыятыва Maldzis атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя беларускія каштоўнасьці і імёны. Ініцыятыва бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол нацыянальнай тоеснасьці і ўмацаваньні вобразу Беларусі як эўрапейскай нацыі.
Такія набыткі, як Трэці Статут ВКЛ, сталі магчымыя дзякуючы грамадзкім ахвяраваньням.
Гэта ўжо другі асобнік Статуту, які вярнулі на Радзіму. Першы, на беларускай мове, вярнулі ў 2012 годзе, зараз ён захоўваецца ў музэі гісторыі Магілёву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мапы, помнікі, вяртаньне культурнай спадчыны. Чым займаецца новы праект MALDZIS