«На цяперашні момант выглядае, што Ўкраіна будзе 33-м чальцом», — сказаў Марк Рутэ, але адзначыў, што тэарэтычна яе можа апярэдзіць яшчэ якая-небудзь краіна. Афіцыйна кандыдатам у сябры NATO зьяўляецца Боснія і Герцагавіна, членства ў саюзе ў будучыні без указаньня канкрэтных датаў абяцалі таксама Грузіі і Ўкраіне.
«Калі ёсьць канкрэтнае пытаньне „Калі?“, я не магу даць на яго адказ цяпер, на дадзены момант», — дадаў Рутэ, адзначыўшы, што цяпер саюзьнікі працуюць над тым, каб пабудаваць «мост» да ўступленьня Ўкраіны ў NATO.
Чакаецца, што 17 кастрычніка ў Брусэлі Рутэ сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Гэта будзе іхняя трэцяя сустрэча з пачатку месяца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі на саміце Эўразьвязу прадставіў плян перамогі над Расеяй і агучыў, што трэба ЎкраінеНапярэдадні Зяленскі, выступаючы ў Вярхоўнай радзе Ўкраіны, прапанаваў так званы «плян перамогі» Ўкраіны зь пяці пунктаў. Першы зь іх — атрыманьне найбліжэйшым часам фармальнага запрашэньня ўступіць у NATO. Многія заходнія СМІ, спасылаючыся на крыніцы, скептычна ацэньваюць магчымасьць атрыманьня такога запрашэньня. Пра тое, што для яго цяпер няма ўмоваў, заявілі і ў Вашынгтоне.
Расея катэгарычна пярэчыць супраць уступленьня Ўкраіны ў NATO і называе адмову ад гэтага адной са сваіх умоваў пачатку мірных перамоваў.
На нарадзе міністраў абароны NATO размова ішла аб працягу падтрымкі Ўкраіны ў вайне з Расеяй. Міністар абароны Вялікай Брытаніі Джон Хілі ў прыватнасьці падкрэсьліў, што ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы гэтую падтрымку неабходна павялічыць. Ён, аднак, не прывёў падрабязнасьцяў. Рутэ заявіў, што мэтай зараз зьяўляецца стварэньне ўмоваў для Ўкраіны весьці мірныя перамовы з Расеяй «з пазыцыі сілы».
Пра тое ж казаў і Зяленскі, прэзэнтуючы свой плян. Ён, аднак, прадугледжвае рашэньні з боку заходніх саюзьнікаў, якія яны пакуль не прынялі — у прыватнасьці, дазвол біць па расейскай тэрыторыі заходняй дальнабойнай зброяй.
Таксама ў Брусэлі Зяленскі сустрэўся з кіраўніком Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем. Прэзыдэнт Украіны прадставіць свой «плян перамогі» лідэрам краін Эўразьвязу на пасяджэньні Эўрапейскай рады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як на «плян перамогі» Зяленскага адрэагавалі ў NATO, Эўразьвязе і ў Расеі і што пра яго кажуць палітолягі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першы пункт — запрашэньне ў NATO. Цяпер». Зяленскі прадставіў плян перамогі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны