ЗША ўдарылі па складах хусітаў у Емэне

Лойд Остын

Міністар абароны ЗША Лойд Остын заявіў, што на складах захоўваліся кампанэнты зброі, якія хусіты выкарыстоўваюць для ўдараў па цывільных і вайсковых суднах.

Амэрыканскія вайскоўцы 16 кастрычніка нанесьлі высокадакладныя ўдары па пяці ўмацаваных падземных складах зброі ў кантраляваных хусітамі раёнах Емэну. Як паведаміў міністар абароны ЗША Лойд Остын, удары былі нанесеныя па аб’ектах, дзе захоўваліся кампанэнты зброі, якія хусіты выкарыстоўваюць для нападаў, піша Голас Амэрыкі.

Кіраўнік Пэнтагону адзначыў, што ў апэрацыі задзейнічалі стэлс-бамбавікі B-2 Spirit.

«Гэта была ўнікальная дэманстрацыя здольнасьці Злучаных Штатаў наносіць удары па аб’ектах, якія нашы супернікі імкнуцца трымаць па-за дасяжнасьцю, незалежна ад таго, наколькі глыбока яны закапаныя, умацаваныя ці ўзмоцненыя», — сказаў Остын, падкрэсьліўшы стратэгічную важнасьць апэрацыі.

Ён таксама падкрэсьліў, што ўдары былі санкцыянаваныя прэзыдэнтам Джо Байдэнам для абароны амэрыканскіх сіл і міжнародных суднаходных шляхоў у Чырвоным моры, Баб-эль-Мандэбскай пратоцы і Адэнскай затоцы, якія маюць вялікае значэньне для сусьветнага гандлю.

Остын заявіў, што хусіцкія атакі пагражаюць жыцьцю цывільных асобаў, свабоднаму перасоўваньню гандлёвых караблёў і экалёгіі. Ён паабяцаў, што Злучаныя Штаты і далей будуць неадкладна рэагаваць на падобныя пагрозы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Гарыс і Трампам: чаго дамогся ў ЗША Ўладзімір Зяленскі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў аб’екты хусітаў у Емэне