У Менску за камэнтары пра Лукашэнку затрымалі грамадзяніна Ізраілю
Затрымліваць мужчыну прыйшлі як мінімум шэсьць сілавікоў у поўным рыштунку. На відэа відаць, што разам зь ім з кватэры вывелі яшчэ нейкага чалавека, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
На відэа сілавікоў затрыманы кажа, што ў 2020 годзе напісаў 18 нэгатыўных камэнтароў на адрас Лукашэнкі і сакратара Савету бясьпекі. ТГ-канал сілавікоў паведамляе, што затрыманы — грамадзянін Ізраілю.
У Віцебску са стралянінай затрымалі мужчыну. Сілавікі сьцьвярджаюць, што ён мае пашпарты Ўкраіны і ЗША
У Віцебску сілавікі са стралянінай затрымалі мужчыну. Відэа з затрыманьнем апублікаваў адзін з блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналаў.
У апісаньні відэа гаворыцца, што затрыманага завуць Мікалай і што ён у 2020 годзе прыехаў у Беларусь на «ПМЖ», але не ўдакладняецца, зь якой краіны.
Сьцьвярджаецца, што ў яго нібыта знайшлі пашпарты Ўкраіны і ЗША. Таксама сілавікі на відэа паказваюць вокладку пасьведчаньня аб заканчэньні Інстытуту павышэньня кваліфікацыі Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, але непасрэдных доказаў, што пасьведчаньне належыць затрыманаму, няма. Таксама сілавікі сьцьвярджаюць, што падчас ператрусу нібыта «знайшлі амэрыканскае „шпіёнскае“ абсталяваньне для глыбокага ўкараненьня» — але на відэа яго не паказваюць.
Прапагандысты заявілі, што цяпер мужчына знаходзіцца ў ІЧУ і што на яго склалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы і завялі крымінальную справу. Паводле якіх артыкулаў — не паведамляецца.
«Медиазона» знайшла старонку затрыманага «ЎКантакце», там ён падпісаны як Alex Sanders. У якасьці роднага гораду пазначаны Наваполацак. На старонцы ёсьць фота каля помніка, які ўсталяваны ў Гарадку Віцебскай вобласьці. На фота пазначаная дата — 2015 год.
Пачалі судзіць гульца ў покер, які ўдзельнічаў у чэмпіянаце Беларусі — меркавана, за падтрымку Ўкраіны
Суд над Міхаілам Фандо пачаўся 17 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе, паведамляе «Вясна».
Яго, як мяркуецца, абвінавачваюць у падтрымцы Ўкраіны — суд адбываецца па артыкуле «дапамога ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК). Судзіць будзе Любоў Сімахіна, якая выносіць палітычныя прысуды з 2011 году.
Міхаіл Фандо родам з Барысава, але жыў у Менску з часоў унівэрсытэту, піша «Наша Ніва». Вучыўся ў БДУ на мэнэджара. Інфармацыі пра яго няшмат. Вядома, што Фандо — аматар покеру, вядомы пад мянушкай Rattly. Ён гуляў у шматлікіх чэмпіянатах, у тым ліку ў чэмпіянаце Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 кастрычніка: у Менску за салідарнасьць з палітвязьнямі асудзілі бізнэсоўца