Самымі спакойнымі раёнамі ў 2023 годзе сталі тры раёны Віцебскай вобласьці: Шаркаўшчынскі, Докшыцкі і Глыбоцкі, вынікае са статыстыкі злачыннасьці ў Беларусі па абласьцях, гарадах і раёнах, якую апублікаваў Белстат.
У 2023 годзе ў Беларусі ў сярэднім рэгістравалася 930 злачынстваў на 100 тысяч насельніцтва (у 2022 годзе — 960).
Найбольш бясьпечнымі для пражываньня ў 2023 годзе ў Беларусі былі тры раёны Віцебскай вобласьці, вынікае са статыстыкі: Шаркаўшчынскі (478 злачынстваў на 100 тысяч чалавек), Докшыцкі (553) і Глыбоцкі (601). У топ-5 самых бясьпечных раёнаў таксама ўвайшлі Янаўскі раён Берасьцейскай вобласьці (610) і Нясьвіскі раён Менскай вобласьці (621).
У топ-5 «крымінальных» раёнаў Беларусі па колькасьці злачынстваў на 100 тысяч насельніцтва ў 2023 годзе ўвайшлі:
- Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласьці (1463 злачынствы на 100 тысяч насельніцтва),
- Добрускі раён Гомельскай вобласьці (1455),
- Клічаўскі раён Магілёўскай вобласьці (1386),
- Глускі раён Магілёўскай вобласьці (1330),
- Бабруйскі раён Магілёўскай вобласьці (1305).
Па ўсёй Беларусі за 2023 год агульная колькасьць злачынстваў (85 374) зьнізілася ў параўнаньні з 2022 годам (88 555). Але калі, напрыклад, параўноваць з 2018 годам (83 813), дык за пяць гадоў колькасьць злачынстваў у Беларусі вырасла на 5%.
За апошнія пяць гадоў, паводле зьвестак Белстату, злачыннасьць зьнізілася ў Віцебскай і Менскай абласьцях, у астатніх рэгіёнах яна павялічылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі «палітычных» спраў, адзінкавыя — за забойствы. Чым цяпер занятыя абласныя суды