Украіна вымушаная трымаць ля межаў зь Беларусьсю значныя сілы, пагрозы захоўваюцца, мяркуюць экспэрты

Аляксей Мельнік, вайсковы экспэрт. Архіўнае фота

Экспэрты назвалі функцыю, якую выконвае Аляксандар Лукашэнка для Расеі.

Украінскія экспэрты ўключылі сытуацыю на ўкраінска-беларускай мяжы ў пералік пагроз нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны.

«Там таксама існуюць пагрозы, хоць гэтая лінія не пазначаная на мапах як лінія фронту, але там Украіна вымушаная трымаць пэўныя рэзэрвы», — сказаў Аляксей Мельнік, судырэктар праграм зьнешняй палітыкі і міжнароднай бясьпекі Цэнтру Разумкова, які разам з фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы» падрыхтаваў даклад «Пагрозы нацбясьпецы і абаронныя трэнды ва Ўкраіне: аналітычны агляд тэндэнцый трэцяга кварталу 2024 году».

У той жа час, паводле яго, на падставе наяўнай інфармацыі аб сытуацыі на мяжы пакуль малаімаверны новы наступ з боку Беларусі.

«У прынцыпе, такой рэальнай пагрозы ўварваньня з тэрыторыі Беларусі на найбліжэйшую пэрспэктыву няма, а задача, якую выконвае беларускі дыктатар, — гэта тое, каб садзейнічаць адцягваньню ўкраінскіх сіл для блякаваньня беларускай мяжы», — мяркуе ён.

Аляксей Мельнік нагадаў, што ў канцы жніўня з гэтай нагоды адбылася «афіцыйная камунікацыя» паміж Міністэрствам замежных спраў Украіны і Беларусьсю аб непрыязных дзеяньнях беларускага боку.

«Гэта адзін з інструмэнтаў, які выкарыстоўваецца ў дадатак да таго, што там утрымліваецца наш істотны вайсковы кантынгент», — дадаў экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны: Беларусь сканцэнтравала войскі і ўзбраеньне на мяжы

Паводле экспэрта, у цэлым характар вайны за апошні час не зьмяніўся і Ўкраіна вымушаная весьці вайну ва ўмовах шэрагу пераваг расейскай арміі.

«Моцным бокам праціўніка дагэтуль застаецца ня толькі колькасная перавага ў жывой сіле, а і неймаверна высокі парог цярплівасьці [Расеі] да стратаў. Перавага ў сродках агнявога пацэльваньня таксама мае як колькасны характар — гэта артылерыя, КАБы, — так і якасны, найперш у ракетна-авіяцыйным складніку», — адзначыў ён.


У сваю чаргу, прадстаўнік фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», аналітык у сфэры бясьпекі Тарас Жаўтэнка дадаў, што Расея навязвае Ўкраіне вайну на «зьнясіленьне».

«Колькасную перавагу, вядома перабіць вельмі складана. Адзіны спосаб зьмяніць балянс — гэта агнявая магутнасьць, агнявая перавага з нашага боку. Але гэта не вырашае праблему стратэгічна. [...] Мы павінны паставіць свайго праціўніка ў такія ўмовы, калі сытуацыя на полі бою створыць максымальнае напружаньне ўнутры Расеі», — сказаў Тарас Жаўтэнка.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 16 кастрычніка прадставіў дэпутатам Вярхоўнай Рады плян перамогі ў вайне з Расеяй зь пяці пунктаў, першы зь якіх — неадкладнае запрашэньне Ўкраіны ў NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першы пункт — запрашэньне ў NATO. Цяпер». Зяленскі прадставіў плян перамогі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны

Некалькі дзён таму расейцы аднавілі тактычныя наступальныя атакі на мяжы Данецкай і Запароскай абласьцей, але ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны не прызналі, што ў гэтай апэрацыйнай зоне расейцы прарвалі ўкраінскую абарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы аднавілі тактычныя наступы ў Данецкай і Запароскай абласьцях