Дакумэнт афіцыйна называецца «Атрыманьне кантролю. Гарантаваньне бясьпекі. Комплексная і адказная міграцыйная стратэгія Польшчы на 2025-2030 гг.» Стратэгію прапанаваў міністар унутраных спраў і адміністрацыі, піша сайт ураду Польшчы.
Стратэгія афіцыйна падкрэсьлівае намаганьні Польшчы спыніць міграцыйныя праблемы, якія рэгулярна паўстаюць апошнімі гадамі, у прыватнасьці на ўсходняй мяжы зь Беларусьсю.
Урад адзначыў, што ў цяперашні момант доўгатэрміновыя дазволы на жыхарства ў Польшчы маюць звыш 2,5 млн іншаземцаў, пры гэтым дзяржава ня мела доўгатэрміновай міграцыйнай стратэгіі з 2016 году.
Прыярытэтам у пытаньнях міграцыі будзе дзяржаўная бясьпека. Міграцыя павінна быць дэталёва рэглямэнтаваная і трымацца пад кантролем з улікам мэты прыбыцьця, маштабу прытоку і краін паходжаньня іншаземцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча плянуе часова прыпыніць права на прытулак. Латушка: мы разьлічваем на салідарнасьць зь беларусаміСтратэгія прадугледжвае наступныя кірункі дзяржаўнага ўмяшаньня ў праблему міграцыі:
Доступ на тэрыторыю
- Міграцыйная стратэгія апісвае празрыстую візавую палітыку;
- важна стварыць сыстэму выбарачнага падыходу да міграцыйнай палітыкі. Гэта азначае дэталёвае рэгуляваньне правілаў уезду і знаходжаньня іншаземцаў, таксама ў эканамічных ці адукацыйных мэтах;
- аўтаномнасьць консульскіх рашэньняў узмоцніцца.
Доступ да нацыянальнай і міжнароднай абароны
- Стратэгія зьмяшчае накіраваную прапанову зьмяніць працэдуры, каб яны не выкарыстоўваліся ў гібрыдных дзеяньнях і ў той жа час улічвалі гуманітарнае вымярэньне сытуацыі на польскіх межах;
- у дакумэнце таксама ўказваецца неабходнасьць зьмяніць падыход да права на прытулак на ўзроўні ЭЗ і на міжнародным узроўні і адаптаваць яго да бягучай міграцыйнай сытуацыі з улікам пытаньняў бясьпекі;
- калі існуе пагроза дэстабілізацыі краіны праз наплыў імігрантаў, павінна быць магчымасьць часова і тэрытарыяльна прыпыніць права прымаць хадайніцтвы аб даваньні прытулку. Адпаведныя законы павінны ўлічваць мэханізм парлямэнцкага кантролю, уразьлівыя групы і досьвед іншых краін.
Умовы доступу на рынак працы
- у дакумэнце прапануюцца крытэры доступу іншаземцаў на рынак працы, каб яны запаўнялі прагалы ў дэфіцытных прафэсіях і ў той жа час не стваралі магчымых новых праблем для стабільнай сытуацыі з занятасьцю ў Польшчы;
- стратэгія таксама паказвае на перавагі і пагрозы, зьвязаныя з прытокам замежных працоўных у Польшчу. Адной з рызык зьяўляецца падача дакумэнтаў, якія легалізуюць працу, толькі для яўкі, каб палегчыць уезд у Польшчу і Шэнгенскую зону;
- у дакумэнце таксама закранаецца пытаньне аб правілах вядзеньня замежнымі грамадзянамі прадпрымальніцкай дзейнасьці.
Адукацыйныя міграцыі
- Міграцыйная стратэгія прадугледжвае правілы доступу іншаземцаў да польскай сыстэмы вышэйшай і сярэдняй адукацыі.
- такі доступ ня можа быць выкарыстаны выключна з мэтай лёгкага атрыманьня законнага ўезду і пражываньня. Пры гэтым унівэрсытэты змогуць праводзіць празрысты працэс т. зв. інтэрнацыяналізацыі.
Інтэграцыя
- Упершыню апісаныя умовы ўключэньня і інтэграцыі імігрантаў у польскае грамадзтва;
- працэс інтэграцыі не павінен мець нэгатыўнага ўплыву на сацыяльную згуртаванасьць у Польшчы і ў той жа час павінен дазваляць выкарыстоўваць патэнцыял імігрантаў;
- галоўнае ў гэтым пытаньні — прыняцьце іншаземцамі нормаў і правілаў, якія дзейнічаюць у польскім грамадзтве.
Грамадзянства і рэпатрыяцыя
- Стратэгія апісвае дзяржаўную палітыку адносна набыцьця польскага грамадзянства іншаземцамі і рэпатрыяцыі асобаў польскага паходжаньня;
- у дакумэнце таксама гаворыцца пра інструмэнт міграцыйнай палітыкі, якім зьяўляецца «карта паляка».
Польская дыяспара
- Пазначаны прынцыпы палітыкі польскай дыяспары, у тым ліку адносна падтрыманьня кантактаў з дыяспарай. Гаворка ідзе таксама аб супрацоўніцтве паміж дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі, якія прадстаўляюць польскую дыяспару і палякаў за мяжой;
- урад таксама падтрымае вяртаньне польскіх мігрантаў у краіну.
Рэалізацыя Міграцыйнай стратэгіі, на думку цяперашняга ўраду, прывядзе да стварэньня празрыстых і бясьпечных правілаў іміграцыі ў Польшчу, якія кантралююцца дзяржаўнымі інстытутамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе адрэагавалі на заявы Польшчы аб прытулку і апублікавалі 10 пунктаў удасканаленьня міграцыйнай палітыкіРашэньне прынялі з асаблівым меркаваньнем віцэ-старшыні Рады міністраў Кшыштафа Гаўкоўскага, міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Агнешкі Дзем’яновіч-Бонк, міністра ў пытаньнях роўнасьці Катажыны Котулы і міністра навукі Дарыюша Вячорка.