З прычыны пацяпленьня клімату лясы, расьліны і глеба ў 2023 годзе амаль не паглыналі вуглякіслы газ, які ўтвараецца ў выніку спальваньня паліва і спрыяе пацяпленьню клімату. Увагу на адкрыцьцё навукоўцаў зьвярнула The Guardian.
Атрымаўшы зьвесткі з гавайскай мэтэастанцыі, навукоўцы заўважылі, што ўтрыманьне вуглякіслага газу ў паветры за год вырасла на 86% і стала максымальным з 1958 году. Выкіды вуглякіслага газу ад спальваньня паліва хоць і вырасьлі, але не перакрылі рэкорд.
У ходзе дасьледаваньняў каманда навукоўцаў з Кітаю, Вялікай Брытаніі, Францыі і Нямеччыны высьветліла, што прычына ў памяншэньні паглынаньня плянэтай вугляроду. У прыватнасьці, навукоўцы выявілі, што паглынаньне вуглякіслага газу лясамі, расьлінамі і глебай у 2023 годзе — самым гарачым годзе ў гісторыі — зьнізілася да мінімуму за 20 гадоў.
Гэта адбылося з прычыны наймацнейшых пажараў у Канадзе, засухі ў Амазонцы і Паўднёва-Ўсходняй Азіі, а таксама прыроднага фэномэну Эль-Ніньё — павышэньня тэмпэратуры экватарыяльных водаў Ціхага акіяну. Акрамя таго, на зьніжэньне паглынутага вугляроду паўплывалі высечка лясоў і нашэсьці жукоў-караедаў.
Сусьветны акіян, які паглынае чвэрць усіх выкідаў вуглякіслага газу і 90% вылучанага цяпла, яшчэ захоўвае свае магчымасьці, але ледавікі Грэнляндыі і ледзяныя покрывы Арктыкі растаюць хутчэй, чым чакалася, што запавольвае хуткасьць паглынаньня акіянамі вугляроду.
«Дагэтуль прырода ўраўнаважвала нашы злоўжываньні. Гэтаму падыходзіць канец», — кажа Ёхан Рокстрэм, дырэктар Патсдамскага інстытута па вывучэньні зьменаў клімату.
Памяншэньне паглынаньня вугляроду на сушы ў 2023 годзе можа быць часовым, адзначаюць навукоўцы, бо бязь ціску засухі ці лясных пажараў зямля зноў пачне паглынаць вуглярод, але гэта дэманструе далікатнасьць гэтых экасыстэм.
Навукоўцы адзначаюць, што большасьць кліматычных мадэляў ня ўлічваюць магчымасьць такога рэзкага зьніжэньня здольнасьці плянэты паглынаць вуглярод, якое адбылося ў 2023 годзе. Калі так будзе працягвацца, маштаб зьменаў клімату можа выйсьці за межы таго, што прадказваюць існыя мадэлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзінае возера на Сыцыліі высыхае ў выніку зьмену клімату- Лета 2024 году стала самым сьпякотным у гісторыі. Чакаецца, што такім будзе і ўвесь бягучы год, пабіўшы тэмпэратурныя рэкорды мінулага году.
- З прычыны павышэньня глябальнай тэмпэратуры паветра паводкі, засухі, лясныя пажары, штормы, хвалі холаду і сьпёкі адбываюцца часьцей і становяцца больш інтэнсіўнымі.
- Навукоўцы, актывісты і некаторыя палітыкі ў розных краінах заклікаюць скараціць выкарыстаньне нафты, газу і вугалю, пры спальваньні якіх утвараюцца парніковыя газы, у тым ліку вуглякіслы газ. Парніковыя газы — адзін з галоўных фактараў глябальнага пацяпленьня.