У інтэрвію DW яна патлумачыла, чаму настойвае на стратэгіі ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Прыводзім яе адказы.
— Напэўна, самая балючая тэма зараз — палітвязьні. З 2020 году вы прытрымліваецеся палітыкі ціску на рэжым, але цяпер ствараецца ўражаньне, што ўсё больш галасоў з гэтай палітыкай ня згодныя і лічаць, што Лукашэнку трэба пачынаць нешта прапаноўваць. Што вы пра гэта думаеце?
— Я ня думаю, што ёсьць дэмакратычна настроеныя галасы, якія кажуць, што нічога не працуе. Ёсьць галасы, якія кажуць, што, магчыма, трэба ўжо ісьці на нейкія саступкі Лукашэнку, перамаўляцца. Дык мы заўсёды былі за перамовы, няхай, не з самім Лукашэнкам, а з рэжымам, бо нам разам потым гэтую краіну будаваць. Але я бачу, як некаторыя людзі паўтараюць прапагандысцкія наратывы: «Маўляў, давайце дасылайце да нас амбасадараў. Мы, вядома, за гэта нічога ня зробім, але ўсё роўна адпраўляйце, ці давайце сустракацца і стэлефаноўвацца». Я не хачу, каб людзі былі атручаныя вось гэтымі прапагандысцкімі ідэямі.
Вельмі хочацца людзей вызваліць, але трэба працаваць над вызваленьнем, не ідучы на паклон да Лукашэнкі. Трэба іншыя інструмэнты выкарыстоўваць — гэта і гуманітарныя трэкі, і прыцягваць лідэраў, якія да гэтага часу маюць нейкія адносіны з рэжымам. Я ня веру, што, калі мы зробім адну саступку, яны ня возьмуць яшчэ тысячу закладнікаў. Гэта значыць, ты ня можаш садзіцца гуляць з шулерам, весьці зь ім перамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі перагледзець, амбасадараў вярнуць? Што стаіць за «маніфэстам» Андрэя Дзьмітрыева— Але калі ўявіць сытуацыю, што ёсьць перамовы і вам кажуць: окей, вяртайце амбасадараў і мы вернем вам самых вядомых палітвязьняў — Марыю Калесьнікаву, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку. Вы б разгледзелі такі варыянт?
— Мы разглядаем усе варыянты, але трэба разумець, што рэжым хоча шмат і ня хоча нічога даваць узамен. Ды і ніколі ж не было, што вось вам канкрэтныя людзі, а мы хочам наўзамен тое і гэтае.
Наогул трэба разумець, што самым першым важным пунктам павінна быць спыненьне рэпрэсіяў, таму што вы вызваляеце людзей, а потым у два разы больш забіраеце. У гэта можна гуляць бясконца, гэта зусім невыразны сыгнал: выпусьцілі-набралі, выпусьцілі-набралі. Ну вось гэта як называецца?
— І ўсё ж, калі б сам Лукашэнка ці нехта з рэжыму выйшаў на кантакт з вамі і прапанаваў лабіяваньне вяртаньня амбасадараў ці зьняцьце санкцыяў зь Belavia ў абмен на 10 імёнаў, вы б разглядалі такі варыянт?
— Мы ўсе варыянты будзем разглядаць.
— Ці не адчуваеце вы, што ў беларускім дэмакратычным грамадзтве зьяўляецца раскол на тэму палітвязьняў? Так, усё жадаюць іх вызваліць, але вось як — наконт гэтага ёсьць рознагалосьсі.
— Я б не назвала гэта расколам, гэта проста некалькі меркаваньняў. Наша задача — не палярызавацца на гэтай тэме, бо гэта самая балючая тэма, на якой вельмі лёгка гуляць рэжыму. Зь людзьмі, якія маюць меркаваньне аб тым, што трэба ісьці на перамовы з Лукашэнкам, мы размаўляем.
Мы павінныя для сябе вызначыць, дзе нашыя чырвоныя лініі, дзе ў нас ёсьць супадзеньне, дзе несупадзеньне і як нам працаваць разам, каб гэта не гучала як какафонія. Каб і нашыя дэмакратычныя партнэры, і мы паміж сабой разумелі, што ў нас усё ж такі ёсьць генэральная лінія, і яна застаецца агульнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Ці дапушчальна абменьваць прызнаньне легітымнасьці Лукашэнкі на палітвязьняў? Двубой Брухана і Ягорава— Пытаньне ўсё роўна застаецца, бо не да канца зразумела, што можна зрабіць. У людзей у турмах, магчыма, чаканьняў ня так шмат. І калі прапанаваць нешта рэжыму — гэта адзінае, што можа хутка і эфэктыўна выратаваць...
— А дзе гарантыя, што гэта хутка і эфэктыўна можа іх выратаваць? Разумееце, гэтай тэмай вельмі лёгка маніпуляваць. Нам усім балюча, што нашыя людзі там паміраюць, нашы каханыя, нашы сябры. І вельмі лёгка пасеяць гэты разлад дыскусіяў на тэме палітвязьняў. Але нам вельмі важна трымацца разам, бо толькі рэжыму выгадна, каб мы казалі рознымі галасамі, і каб нашыя саюзьнікі падумалі, што калі яны паміж сабой дамовіцца ня могуць, то навошта нам дапамагаць і падтрымліваць іх парадак дня? Тады мы проста зьнікнем, нашыя палітвязьні зьнікнуць з парадку дня.
— За лета з Аб’яднанага пераходнага кабінэту сышлі адразу 3 чалавекі — усе яны казалі пра рознагалосьсі ў камандзе. У гэтых рознагалосьсях ёсьць тэма палітвязьняў, гэта можа быць прычынай сыходу людзей — напрыклад, Вольгі Гарбуновай?
— Разумееце, павінна быць палітыка ў дачыненьні да дыктатара. Усім здаецца, што калі мы прапануем 10 амбасадараў, то вызваляць 10 чалавек. Адкуль вы гэта ўзялі? Вось з чаго вы гэта ўзялі? Вам канкрэтна нехта пра гэта сказаў? Гэта ўсё гіпотэзы, і гэта задача рэжыму — пасеяць вось гэтыя сумневы.
Што да Вольгі Гарбуновай, то гэта трэба ў яе спытаць, бо ў той час як яна была на пасадзе, тэма рознагалосьсяў не абмяркоўвалася. Мы яе чулі, мы чулі яе наратывы, мы абмяркоўвалі, як іх можна ўзгадніць з палітыкай кабінэту, але гэта ня стала асноўнай прычынай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не мужчынам, якія зьехалі ў 2020-м, расказваць мне пра рэпрэсіі і катаваньні». Гарбунова — пра прычыны адстаўкі