У Люксэмбургу 15 кастрычніка адбылася другая сустрэча на ўзроўні міністраў у рамках Канфэрэнцыі па далучэньні Альбаніі да Эўразьвязу.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Рады Эўразьвязу, эўрапейскую дэлегацыю на перамовах прадстаўляў міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта (Вугоршчына з 1 ліпеня старшынюе ў ЭЗ) і вярхоўны камісар у пытаньнях суседзтва і пашырэньня ЭЗ Олівер Вархэі. Альбанскую дэлегацыю ачольваў прэм’ер Альбаніі Эдзі Рама.
На перамовах абмеркавалі прасоўваньне Альбаніі ў рэфармаваньні дзяржаўнага кіраваньня, судовай сыстэмы і сыстэмы правасудзьдзя, а таксама эканамічныя крытэры ў сыстэме дзяржаўных закупак, вядзеньні статыстыкі і фінансавага кантролю.
«Альбанія добра працуе на шляху інтэграцыі, і з адкрыцьцём першых фундамэнтальных разьдзелаў у перамовах аб уступленьні ў ЭЗ краіна дасягнула яшчэ адной важнай вяхі ў сваіх намаганьнях. Адзін з ключавых прыярытэтаў вугорскага старшынёўства — прасоўваньне пашырэньня ЭЗ, паколькі Эўрапейскаму Зьвязу патрэбны новы імпульс, сьвежая энэргія і новыя пэрспэктывы, якія могуць даць Заходнія Балканы. Я зь нецярпеньнем чакаю далейшага прагрэсу Альбаніі на шляху да сяброўства ў ЭЗ», — сказаў Пэтэр Сіярта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брусэль пачынае перамовы аб уступленьні ў ЭЗ з Альбаніяй і Паўночнай Македоніяй
Перамовы аб сяброўстве Альбаніі ў ЭЗ стартавалі ў ліпені 2022 году адначасова з Паўночнай Македоніяй. Але цяпер перамовы адбываюцца асобна для дзьвюх краін.