Грамадзяне абедзьвюх краін «гэта заслужылі», заявіла ў аўторак, 19 ліпеня, старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэмʼер-міністрамі Альбаніі і Паўночнай Македоніі Эдзі Рамай і Дзімітарам Кавачоўскім.
Кавачоўскі падкрэсьліў, што яго краіна гатовая далучыцца да ЭЗ і хацела б «стаць станоўчым прыкладам больш хуткай інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз», аналягічна таму, як яна інтэгравалася ў NATO. Альбанскі прэмʼер падзякаваў фон дэр Ляен, а таксама экс-канцлерцы Нямеччыны Ангеле Мэркель. Абедзьве нямецкія палітычныя дзяячкі «нястомна змагаліся» за Балканы, растлумачыў Рама.
Паўночная Македонія атрымала статус кандыдата ў ЭЗ у 2005 годзе, Альбанія — у 2014 годзе. Перамовы аб далучэньні да ЭЗ працягваюцца доўга, бакі абмяркоўваюць 35 розных комплексаў тэмаў — ад экалягічнага права да барацьбы з карупцыяй.
Некалькі дзён таму ўлады Паўночнай Македоніі пагадзіліся ўнесьці ў Канстытуцыю краіны папраўку, каб зьняць пярэчаньні Баўгарыі супраць яе членства ў ЭЗ. У канцы чэрвеня парлямэнт Баўгарыі ўхваліў пачатак перамоваў Эўразьвязу і Паўночнай Македоніі, зьняўшы тым самым блякаду, якую ўвёў урад у Сафіі ў 2020 годзе, адначасова заблякаваўшы і перамовы аб уступленьні Альбаніі ў ЭЗ.
Рашэньне Сафіі зьмяшчае шэраг умоў, сярод якіх — абарона правоў баўгарскай меншасьці ў Паўночнай Македоніі шляхам канстытуцыйных паправак, а таксама абавязаньне Скопʼе падтрымліваць добрасуседзкія адносіны з Баўгарыяй.