Старшы прадстаўнік NATO ва Ўкраіне Патрык Тэрнэр заявіў, што, нягледзячы на новую ядзерную дактрыну Расеі, няма сур’ёзнай рызыкі ядзернай эскаляцыі з расейскага боку.
«Расея ўжо досыць доўга даволі доўга „бразгае“ ядзернай зброяй, і, вядома, існуе пагроза, што гэта дэстабілізоўвае і падрывае меры ядзернага стрымліваньня. Але, перш за ўсё, варта ясна адзначыць, што, паводле апошніх ацэнак NATO, у цяперашні час няма сур’ёзнай рызыкі якой-небудзь ядзернай эскаляцыі з боку Расеі», — сказаў Патрык Тэрнэр у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».
У той жа час, кажа ён, NATO назірае за тым, што адбываецца ў рэальнасьці, і ў тым ліку за ядзернай дактрынай Расеі.
«Але з пункту гледжаньня гэтай рэальнасьці мы ня бачым прыкмет падрыхтоўкі да істотна іншай ядзернай палітыкі Расеі. Апроч таго, варта нагадаць, што NATO існуе для абароны і стрымліваньня. У нас ёсьць усе магчымасьці для абароны хаўрусьнікаў, і нас такія паводзіны ня спыняць. У такой сфэры лішняя рыторыка зьяўляецца марнай, таму мы не зьбіраемся ў яе ўцягвацца. Мы і далей будзем спакойныя і ўзважаныя, ухвальваючы рашэньні, неабходныя для падтрымкі Ўкраіны», — дадаў ён.
Патрык Тэрнэр падкрэсьліў, што сябры NATO «стабільна адпраўляюць Маскве сыгнал, што ядзерную вайну немагчыма выйграць і ніколі ня можна пачынаць».
14 кастрычніка Паўночнаатлянтычны альянс пачаў ядзерныя вучэньні Steadfast Noon («Устойлівы поўдзень»), якія праходзяць у паветранай прасторы Вялікай Брытаніі, Бэльгіі і Нідэрляндаў. У іх бяруць удзел 2000 вайскоўцаў з васьмі авіябазаў і розныя тыпы самалётаў, у тым ліку рэактыўныя самалёты, здольныя несьці ядзерную зброю, бамбавікі, зьнішчальнікі суправаджэньня, самалёты-танкеры і самалёты, здольныя весьці выведку і радыёэлектронную барацьбу.
Свае самалёты на вучэньні накіравалі 13 краін – сяброў альянсу. Але вучэньні праводзяцца без сапраўднай ядзернай зброі.
Ядзерныя пагрозы
Сёлетнія вучэньні пачнуцца празь некалькі тыдняў пасьля таго, як Уладзімір Пуцін абвясьціў пра зьмены ў ядзернай дактрыне Расеі, што назіральнікі ў значнай ступені расцанілі як яшчэ адну спробу падарваць падтрымку Ўкраіны заходнімі саюзьнікамі, у тым ліку дазвол на нанясеньне ўдараў у глыб Расеі.
Сярод іншага, у канцы верасьня Пуцін заявіў, што напад на Расею з боку любой бязьядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай дзяржавы будзе разглядацца як іх сумесная атака і можа выклікаць ядзерны адказ Масквы.
Верагодна, гэтая пагроза «істотна зьнізіла парог магчымага выкарыстаньня ядзернага арсэналу Расеі», адзначае агенцтва Associated Press. Аднак ніякіх рэальных зьменаў у ядзернай пазыцыі Масквы NATO пакуль не назірае, дадае агенцтва.
У прыватнасьці, пры ўступленьні на пасаду 1 кастрычніка Рутэ адзначыў, што няма доказаў якой-небудзь непасрэднай пагрозы выкарыстаньня ядзернай зброі, нягледзячы на «неабдуманую і безадказную» ядзерную рыторыку Пуціна.
Гаворачы пра свой ядзерны арсэнал, Рутэ адзначыў, што Пуцін «хоча, каб мы абмяркоўвалі і ягоны ядзерны арсэнал, і я думаю, што мы не павінны гэтага рабіць», цытуе АР.
Раней Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка заяўлялі, што перавялі ў Беларусь расейскую тактычную зброю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін заявіў, што «ядзерныя вучэньні» з Расеяй будуць праходзіць пэрыядычна, але не пра ўсё будуць абвяшчаць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлетнім ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру стала арганізацыя ацалелых пасьля атамных бамбаваньняў Японіі