У гатовай мясной прадукцыі са сьвініны Віцебскага мясакамбінату Рассельгаснагляд выявіў кетапрафэн (нестэроідны супрацьзапаленчы прэпарат), а ў гатовай мясной прадукцыі Слуцкага мясакамбінату — сульфамэтазін (супрацьмікробны прэпарат).
У сувязі зь першасным выяўленьнем вышэйназваных прэпаратаў Рассельгаснагляд паставіў прадукцыю прадпрыемстваў на «ўзмоцнены лябараторны кантроль».
Акрамя таго, ведамства часова абмежавала пастаўкі ў Расею ялавічыны беларускага ТАА «Межава Старт» у сувязі з паўторным выяўленьнем у мясе лістэрыі. У канцы жніўня ў ялавічыне прадпрыемства ўпершыню выявілі лістэрыі, тады яго статус зьмянілі на «ўзмоцнены лябараторны кантроль».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абмежавала пастаўкі зь беларускага прадпрыемства і ўзмацніла кантроль для пяці іншых8 кастрычніка Расельгаснагляд паведамляў пра часовае абмежаваньне паставак прадукцыі трох беларускіх прадпрыемстваў:
- «Вялес-Міт» (Маладачанскі мясакамбінат, у ялавічыне паўторна выявілі лістэрыі),
- Глыбоцкага мясакамбінату (у гатовых мясных вырабах зноў знайшлі антыбіётык азытраміцын),
- Лунінецкага малочнага заводу (у сухім малаку паўторна выявілі перавышэньне колькасьці мэзафільных аэробных і факультатыўна анаэробных мікраарганізмаў).
16 верасьня Рассельгаснагляд часова абмежаваў пастаўкі прадпрыемства «Белфуд Прадакшн» у сувязі з «паўторным выяўленьнем энрафляксацыну ў кансэрвах зь мяса птушкі для дзіцячага харчаваньня» і ўзяў пад узмоцнены кантроль пастаўкі прадукцыі 5 беларускіх прадпрыемстваў:
- Шчучынскага філіялу Горадзенскага абласнога спажывецкага таварыства, цэху мясных паўфабрыкатаў (у ялавічыне выявілі хіналёны — група антыбактэрыйных прэпаратаў),
- філіялу Барысаўскага мясакамбінату (у ялавічыне знайшлі бактэрыі групы кішачнай палачкі),
- каўбаснага цэху ААТ «Александрыйскае» (у ялавічыне знайшлі бактэрыі групы кішачнай палачкі),
- Жабінкаўскага камбікормавага заводу (у сухім корме для катоў знайшлі незарэгістраваныя і/ці большыя за зарэгістраваныя лініі ГМА-кампанэнту),
- філіялу «Юніміт» прадпрыемства «Смалявічы Бройлер» (у паўфабрыкатах з птушкі выявілі перавышэньні паказчыкаў тэсту на мікробную бясьпеку).
Таксама «Россельхознадзор» рэгулярна паведамляе пра спыненьне кантрабанды тавараў зь Беларусі. Так, 30 жніўня паведаміла пра вяртаньне з Расеі на тэрыторыю Беларусі 470 кг вэтэрынарных прэпаратаў, 24 ліпеня — пра вяртаньне ў Беларусь 600 кг кантрафактных буякоў, 15 ліпеня — пра выяўленьне «факту кантрабанды нарвэскай рыбнай прадукцыі празь Беларусь у Расею», а ў чэрвені — пра вяртаньне ў Беларусь 5,4 тысячы харчовых курыных яек, якія везьлі без дакумэнтаў у «бруднай машыне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бактэрыі, антыбіётыкі. Расея абмежавала пастаўкі мясамалочнай прадукцыі трох прадпрыемстваў Беларусі